Жыхароў Івацэвіцкага раёна папрасілі ўстрымацца ад наведвання лясоў на час беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017», паведамілі TUT.BY ў Івацэвіцкім райвыканкаме.
У вучэннях будуць задзейнічаны тэрыторыі Дабрамысленскага, Волькаўскага, Целяханскага, Святавольскага, Жытлінскага, Яглевіцкага сельсаветаў. У сувязі з гэтым мясцовыя ўлады папрасілі не хадзіць у лес з 14 па 20 верасня.
У Пружанскім раённым ваенкамаце TUT.BY паведамілі, што на час вучэнняў жыхароў просяць устрымацца ад наведвання палігона «Ружанскі», на якім пройдуць практычныя дзеянні органаў ваеннага кіравання.
Акрамя таго, як паведамляе pruzhany.net, у горадзе з'явіліся аб'явы, якія папярэджваюць грамадзян аб тым, што з 12 па 20 верасня на тэрыторыі раёна «магчымыя дзеянні дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў з мэтай правядзення розных дыверсій».
«З мэтай своечасовага выяўлення і захопу дыверсантаў, просьба грамадзян, якія маюць інфармацыю на грамадзян, якія праводзілі збор інфармацыі аб схемах праезду, аб месцах дыслакацыі аб'ектаў энергетыкі, прамысловасці і інш., аб падазроных грамадзянах, а таксама грамадзянах у камуфляжнай форме адзення неадкладна паведамляць у РАУС», — пазначана ў аб'яве.
Вучэнні «Захад-2017» пройдуць з 14 па 20 верасня. Усяго ў іх возьмуць удзел да 12 700 вайскоўцаў, з іх каля 10 тысяч - на беларускай тэрыторыі. Каля 3000 з іх — з Расіі. Плануецца задзейнічаць у манеўрах да 680 адзінак баявой тэхнікі





