Фота А.Герасімава, skovoroda.net
Я сустрэў расійскага пісьменніка Віктара Ерафеева ў Патсдаме. Немцы сабралі інтэлектуалаў і журналістаў з розных краін Еўропы на ўручэнне прэміі M100 Media Award 2017 Наталлі Сіндзеевай, якая ўзначальвае адзіны ацалелы ў Расіі незалежны тэлеканал «Дождж».
Ерафееў — касмапаліт, можна сказаць, «па сацыяльным паходжанні». Ён нарадзіўся ў сям'і савецкага дыпламата ў 1947 годзе і частку свайго дзяцінства правёў у Францыі. Яго першай жонкай была польская мастачка. У 1979 Ерафеева выключылі з Саюза пісьменнікаў за самвыдат — альманах «Метраполь». Яшчэ ў тыя часы Ерафееў стаў папулярным дзякуючы нестандартным інтэрпрэтацыям расейскай літаратуры, а таксама альтэрнатыўнай прозе.
Ерафееў распавядае, што прыляцеў у Германію адразу пасля Польшчы, дзе нагода была сумная — пахаванне Януша Главацкага. Адразу пасля Берліна ён ляціць у Кітай з кароткім прыпынкам для выступу ў Благавешчанску, на Далёкім Усходзе Расіі.
19 верасня Ерафееву споўніцца 70 гадоў, але, як бачыце, жыццё пісьменніка віруе. Яго 30-гадовая жонка чакае дзіця. А з 12-гадовай дачкой ён гэтым летам гасцяваў у сына Ерафеева ад першага шлюбу, які жыве ў Польшчы.
Ерафееў жартуе, што «прапісаны» ў Францыі, але большую частку часу праводзіць у Расіі, дзе актыўна выступае на «Эхо Москвы». Яго круг цяпер — гэта таксама часопіс «Русский піонер», адно з нешматлікіх не закасцянелых расійскіх літаратурных выданняў, якія «засталіся ў жывых».
Проста падчас нашай размовы пісьменніку патэлефанавалі і паведамілі, што ў яго сёння выйшаў з друку новы раман «Ружовая Мыш». Дырэктар выдавецтва «Рыпол-класік» лічыць, што гэта найлепшая кніга Ерафеева.
У адрозненне ад савецкіх часоў, кажа Ерафееў, калі Мінск рабіў правінцыйнае ўражанне, цяпер Беларусь здаецца даволі спарадкаванай. Прынамсі, з акна машыны. Пісьменнік распавядае, што не раз праязджаў праз Беларусь адпачываць на Куршскую касу ў Літву, а вось сам у Мінску даўно не выступаў. Ён з задавальненнем бы прыехаў на літфестываль «Вершы на асфальце» ў лютым 2018 года.
«Мы з жонкай марылі пабываць у Белавежскай пушчы, абапал мяжы, — кажа Ерафееў. — Мне толькі трэба нехта, хто паказаў бы лес».
З беларускай культуры, акрамя Алексіевіч, Ерафееў за апошні час сутыкаўся з творамі Віктара Марціновіча і арт-альбомамі Артура Клінава. Але самае галоўнае яго ўражанне — самі беларусы, з якімі яму даводзілася сустракацца за апошні час. «Гэта заўсёды вельмі прыемныя людзі. Вось нядаўна мы з дачкой патрапілі ў адзін бусік з беларускімі турыстамі ў Грэцыі», — успамінае Ерафееў. «А ў абарону Алексіевіч я нядаўна выступаў!» — падкрэслівае ён. Гаворка ідзе аб нядаўняй паклёпніцкай кампаніі ў адрас Нобелеўскай лаўрэаткі ў расійскім інтэрнэце.
Стараецца Ерафееў выступаць і ва Украіне.
А ў Кактэбелі? — пытаюся я, ведаючы асаблівае значэнне гэтага месца для творчасці пісьменніка.
«У Кактэбелі — не, вядома. Цяпер для мяне гэта месца атручанае».
Ерафееў верыць у палітычную будучыню Навальнага. Пуцін, на думку літаратара, асцерагаецца гэтага новага лідара расійскай апазіцыі. «Пуцін стаў зусім непрадказальны», — адзначае Віктар Ерафееў.
«Я адчуваю, што сувязі Беларусі з Еўропай ўмацоўваюцца, і мне б хацелася, каб Беларусь урэшце ўвайшла ў сям'ю еўрапейскіх народаў», — пажадаў беларусам пісьменнік.





