14 верасня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра аховы прыродных рэсурсаў. Ім стаў намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Андрэй Худык. Папярэдні міністр Андрэй Каўхута трапіў у карупцыйны скандал.

«Наша Ніва» сабрала найбольш цікавыя факты пра топ-чыноўніка.

Нарадзіўся ва Украіне, працаваў у калгасе

Андрэю Худыку 58 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Астраўчане Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці. Служыў у войску.

Як аказаўся ў Беларусі? Закахаўся ў мясцовую дзяўчыну, таму і пераехаў. Пачаў працаваць у сферы сельскай гаспадаркі.

Адметна, што Андрэй Худык зусім не вучыўся ў Беларусі. Абедзве свае адукацыі ён атрымаў у Расіі. Спачатку скончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут (1987), а пасля — Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі (2006). Хаця на той час беларуская Акадэмія кіравання таксама поўным ходам штампавала выпускнікоў.

На працягу 11 гадоў Худык узначальваў калгас імя Кірава ў Іўеўскім раёне. Пасля яго паматала па краіне — Браслаў, Ваўкавыск. Урэшце ў 2002 ён стаў старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама. Яшчэ праз нейкі час узначаліў Лідскі. Калі працаваў у Лідзе, то ў народзе хадзіла шмат чутак пра Худыка.

Давер кіраўніцтва краіны ён заваяваў пасля таго, як узорна правёў у горадзе рэспубліканскія «Дажынкі»-2010.

Справа за абразу гонару

У 2011 годзе Андрэй Худык звярнуўся ў Лідскі раённы суд па справе абразы гонару і годнасці. Справа ў тым, што карыстальнік Укантакце Яўген Куцко пад уражаннем ад прэзідэнцкіх выбараў — 2010 размясціў на сваёй старонцы апавяданне «Клопат пра чалавека — прыярытэт маёй працы», сярод галоўных персанажаў якога быў Худык. Куцко быў уражаны інтэрв’ю Худыка аб тым, колькі яму важных справаў даводзіцца вырашаць штодня, якія пытанні разглядаць. Апавяданне было напісанае ў абсурднай манеры.

Твор сканчваўся фразай: «Худык уратуе свет!». Худык знайшоў апавяданне, калі ўжо працаваў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама. У выніку Куцко звольнілі, ён працаваў на дзяржаўнай пасадзе — у аддзеле статыстыкі.

Спачатку справа кваліфікавалася як крымінальная. Аднак пасля таго, як Куцко прынёс публічныя прабачэнні, яе перакваліфікавалі ў адміністрацыйную. У выніку суд прысудзіў маладому чалавеку 700 тысяч рублёў штрафу — 140 даляраў па курсе чэрвеня 2011.

Брат — начальнік тульскай паліцыі

Літаральна ў чэрвені павышэнне атрымаў і малодшы брат Худыка — Васіль. Ён стаў начальнікам упраўлення МУС па горадзе Тула. У органах унутраных справаў Васіль Худык адпрацаваў больш за 30 гадоў. У 22 гады пайшоў працаваць міліцыянерам у родным Камянец-Падольску. У 33 — скончыў Хабараўскую вышэйшую школу МУС Расіі.

Дваццаць тры гады Васіль Худык адпрацаваў у Магаданскай вобласці. Пасля гэтага пераводзіўся на працу ў Калугу і Хакасію. Васіль Худык мае адзнаку «Ганаровы супрацоўнік МУС Расіі», а таксама медаль «За выдатную ахову грамадскага парадку».

Сын — дырэктар «Ліданафтапрадукта»

36-гадовы Вадзім Худык не так даўно ўзначаліў адкрытае акцыянернае таварыства «Ліданафтапрадукт». Да гэтага ён быў начальнікам участка АЗС №5 упраўлення раздробных продажаў «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт».

Жонка Вадзіма Худыка Вікторыя шмат піша пра сямейнае жыццё ў сацыяльных сетках. У пары двое сыноў — Назар і Матвей. Цяпер жывуць у Лідзе на здымнай кватэры. Па словах жонкі, каб зарабіць на жыллё ў Гродне, яе муж паўтара года працаваў у Швейцарыі.

Пры гэтым сама Вікторыя не асабліва хавае, што бацька дапамагаў мужу з працаўладкаваннем: «Скажыце, а хіба дрэнна, калі бацькі дапамагаюць сваім дзецям? Мне здаецца, так і павінна быць. Так і адбылося, калі бацька дапамог майму мужу з яго першай працай у сферы, у якой ён працуе цяпер. Муж пры гэтым прайшоў усе прыступкі лесвічкі сам. І дзякуючы працавітасці, руплівасці, прафесійным і чалавечым якасцям ён развіваўся вышэй. Бацька ніколі не лез у яго справы, хіба што дапамагаў парадай».

Праца ў Гродне, намеснік у Шэймана

Усяго толькі каля года Андрэй Худык адпрацаваў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама. «Горад вялікі, за год цяжка нешта змяніць», — казаў ён.

Аднак кажа, што праца ў Гродне навучыла яго: «Не трэба баяцца брацца за рэалізацыю планаў, якія спачатку здаюцца нязбытнымі. Ідэя павінна паспець, каб ўспрымацца цалкам рэалістычнай і рэалізавацца. А праз некаторы час здаецца: як мы раней без гэтага жылі?»

У 2014 Худыка перавялі ў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, дзе ён быў намеснікам у Віктара Шэймана.

За якія пытанні адказваў Худык? Ахова прыроды, запаведнікі, заказнікі, санаторыі ў Беларусі і за мяжой, гасцініцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?