Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

У Міністэрстве юстыцыі распавялі, чаму некаторых мінскіх адвакатаў адправілі на пазачарговую атэстацыю. І хто яшчэ, акрамя вядомага юрыста Ганны Бахціной, будзе пазбаўлены ліцэнзіі.

Паведамляецца, што ў гэтым годзе міністэрства праводзіла планавыя праверкі ў Магілёўскай абласной і Мінскай гарадской калегіях адвакатаў.

У некаторых знайшлі парушэнні, напрыклад «злоўжыванне адвакатам сваім правам на запыт інфармацыі, што ўтрымлівае персанальныя дадзеныя грамадзян», праца без афармлення дамовы і іншае. Усё гэта стала падставай для пазачарговай атэстацыі дадзеных адвакатаў, піша Tut.by.

«У адпаведнасці з Законам аб адвакатуры да абавязкаў адваката адносіцца дакладнае і няўхільнае выкананне заканадаўства», — падкрэслілі ў Мінюсце.

У выніку 12 верасня правялі атэстацыю 19 адвакатаў Мінскай гарадской калегіі. Толькі 13 з іх «адпавядаюць патрабаванням заканадаўства». У яшчэ чатырох «няпоўная адпаведнасць», таму іх атэстацыю адтэрмінавалі на паўгода, а пакуль трэба павысіць кваліфікацыю.

Яшчэ два адвакаты па рашэнні камісіі, Ганна Бахціна і Літвін Г.А., не могуць працягнуць працу «з прычыны недастатковай кваліфікацыі». З 27 верасня будзе спынена дзеянне іх ліцэнзій.

Ганна Бахціна працавала над многімі гучнымі крымінальнымі справамі: ад Ірыны Халіп па справе «Плошчы» да Міраслава Лазоўскага па справе «Белага легіёну». У яе 38 гадоў стажу ў юрыспрудэнцыі, некалі працавала ў пракуратуры.

Пра адваката Літвін Г.А. вядома менш. Юрыст з такім жа імем, Ганна Літвін, абараняла інтарэсы абвінавачанага ў справе аб забойстве Юліі Саламацінай у Мінску.

Акрамя таго, яшчэ два адвакаты спыняць працу з-за грубых парушэнняў лiцэнзiйных патрабаванняў — Яновіч І.А. і Навумовіч М.М.

Тым часам, нагадаем, праваабаронцы патрабуюць спыніць «ўмяшанне дзяржорганаў у дзейнасць адвакатуры». І заклікаюць Мінскую гарадскую калегію адвакатаў не адлічваць Ганну Бахціну са свайго складу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0