Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла аб неабходнасці двухгадовага пераходнага перыяду пасля «брэксіту», на працягу якога гандаль з краінамі Еўрасаюза будзе весціся на ранейшых умовах, паведамляе ВВС.

«На працягу гэтага імплементацыйнага перыяду доступ да рынкаў захаваецца ў тым выглядзе, у якім ён існуе цяпер, і Брытанія таксама павінна прымаць удзел у забеспячэнні цяперашніх мер бяспекі», — сказала Мэй падчас выступу ў італьянскай Фларэнцыі.

Брытанскі прэм'ер таксама прапанавала заключыць новую дамову, якая, па яе словах, зробіць адносіны ў сферы бяспекі Вялікабрытаніі і ЕС яшчэ больш цеснымі.

Мэй пацвердзіла, што Брытанія пакіне ЕС у сакавіку 2019 года, аднак не сказала, колькі яна мае намер плаціць у еўрапейскі бюджэт на працягу гэтых двух гадоў. Паводле ацэнак экспертаў, гэтая сума складае каля 20 млрд еўра.

У сваёй вялікай прамове Мэй таксама патлумачыла, што падчас пераходнага перыяду еўрапейскія грамадзяне па-ранейшаму змогуць свабодна прыязджаць у Вялікабрытанію, але павінны будуць праходзіць працэдуру рэгістрацыі.

«Падчас перыяду імплементацыі людзі па-ранейшаму змогуць прыязджаць, жыць і працаваць у Вялікабрытаніі, але будзе сістэма рэгістрацыі - гэта важная частка падрыхтоўкі да новага рэжыму», — дадала яна.

Галоўны перамоўшчык ад ЕС па «брэксіце» Мішэль Барнье назваў прамову Мэй канструктыўнай і адзначыў, што яна дэманструе жаданне прасунуцца наперад у перамоўным працэсе. Ён таксама сказаў, што Еўрасаюз гатовы абмеркаваць запыт Мэй аб двухгадовым пераходным перыядзе.

«Чым хутчэй мы дасягнем пагаднення аб прынцыпах узгодненага выхаду ў розных галінах і аб умовах магчымага пераходнага перыяду, тым хутчэй мы будзем гатовыя пачаць канструктыўныя перамовы аб нашых будучых адносінах», — гаворыцца ў заяве Барнье.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0