На стрэльбішчы ў горадзе Белагорск (Амурская вобласць РФ) вайсковец адной з дыслакаваных у рэгіёне воінскіх часцей расстраляў двух салдат і афіцэра, параніў яшчэ аднаго калегу, пасля чаго ўцёк разам з аўтаматам і некалькімі ражкамі з патронамі, паведамляе РБК са спасылкай на адміністрацыю Белагорска.
«Праваахоўныя органы Белагорска заклікаюць белагародцаў да максімальнай асцярожнасці», — гаворыцца ў паведамленні гарадской адміністрацыі.
Па даручэнні губернатара Амурскай вобласці Аляксандра Казлова, у Белагорску ўзмоцненая ахова школ, бальніц і адміністрацыйных будынкаў.
«Меры прымаюцца ў мэтах пазбягання сітуацый, звязаных з магчымым захопам закладнікаў. У выпадку, калі ў бліжэйшы час уцякач з зброяй не будзе знойдзены, усе агульнагарадскія мерапрыемствы, у тым ліку прымеркаваныя да Дня пажылых людзей, у Белагорску будуць адмененыя», — гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі.
У Мінабароны патлумачылі, што пры правядзенні планавых начных стрэльбаў адзін з салдат выпусціў чаргу з аўтамата ў кірунку групы тых, хто чакаў выхаду на агнявы рубеж, у выніку чаго трое чалавек загінулі, а яшчэ двое былі параненыя.
«У якасці імаверных прычын здарэння разглядаюцца ўсе версіі, уключаючы нервовы зрыў вайскоўца», — сказалі ў Мінабароны.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 105 КК РФ («Забойства»).
«У цяперашні час на месцы здарэння працуюць ваенныя следчыя, высвятляюцца матывы і абставіны таго, што адбылося, прымаюцца меры для ўстанаўлення месцазнаходжання і затрымання вайскоўца, які адкрыў агонь па сваіх калегах», — гаворыцца ў паведамленні СК.