У Каталоніі групы актывістаў, якія падтрымліваюць рэферэндум, пачалі займаць памяшканні ў некаторых школах Барселоны, дзе на 1 кастрычніка запланавана правесці галасаванне.

Пра гэта паведамляе El Pais.

Актывісты плануюць зрабіць усё, каб школы на працягу выходных былі адчыненыя, спрабуючы абысці загад Вышэйшага суда Каталоніі пра закрыццё школ, дзе павінны быць створаныя выбарчыя ўчасткі.

Паведамляецца, што актывісты, сярод якіх ёсць вучні, іх бацькі, настаўнікі, выпускнікі і іншыя, плануюць правесці дзве ночы ў школах, уладкоўваючы там «піжамныя вечарынкі», гульні, кемпінгі, воркшопы ды іншае.

Напрыклад, у раёне Грас каля 200 чалавек, пераважна бацькі, «захапілі» школу Pau Casals.

«Інцыдэнтаў ніякіх не адбылося. Дзеці гуляюць, а бацькі арганізуюць мерапрыемствы на выхадныя», — растлумачылі прадстаўнікі камісіі, створанай групай бацькоў.

Як вядома, у нядзелю ў Каталоніі мае адбыцца рэферэндум аб незалежнасці ад Іспаніі. Афіцыйны Мадрыд абяцае не дапусціць яго правядзення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0