У Беларусі плануюць адкрываць гімназічныя класы ў звычайных школах, паведаміў карэспандэнту БелТА міністр адукацыі Ігар Карпенка.

«Трэба даць магчымасць школам адкрываць гімназічныя класы па адпаведных напрамках дзейнасці. Яны павінны арыентаваць на будучую прафесію», — сказаў Ігар Карпенка. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра 10-я і 11-я класы. У гэтым выпадку з'явіцца дадатковая магчымасць атрымліваць гімназічную адукацыю ў тых школьнікаў, якія хацелі б працягнуць навучанне на павышаным узроўні пасля 9-га класа ў сваёй агульнаадукацыйнай школе.

Міністр таксама падкрэсліў, што гімназіі як тып установы адукацыі захаваюцца. Як і звычайныя школы, яны будуць рэалізоўваць праграму пачатковай і базавай адукацыі, далей вывучэнне прадметаў будзе весціся на павышаным узроўні - гэта 10-я і 11-я класы. У тым ліку гаворка пра гэта ішла на Рэспубліканскай педагагічнай радзе.

«Мы лічым, што адбор для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні павінен ажыццяўляцца пасля 9-га класа - навучэнец павінен зрабіць свой свядомы выбар», - адзначыў Ігар Карпенка.

Адпаведна уступныя экзамены ў 5-я класы гімназій адменяць, замест гэтага адбор у гімназіі і гімназічныя класы прапануецца ажыццяўляць па выніках атэстацыі за курс базавай школы.

Па словах міністра, для рэалізацыі гэтых планаў неабходна ўносіць змены ў адпаведныя нарматыўныя прававыя акты. «Думаю, што гэта вельмі блізкая перспектыва. Як толькі будзе распрацаваны нарматыўны акт, мы пра гэта паведамім. Хутчэй за ўсё, у наступным годзе мы ўжо абыдземся без экзаменаў у пяты клас», - адзначыў Ігар Карпенка.

Ён дадаў, што бацькам і педагагічным калектывам не варта хвалявацца. Нарматыўны прававы акт адрэгулюе ўсе пытанні. Разам з тым ужо сёння у школьнікаў у любым класе ёсць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні. Для гэтага працуюць факультатывы, гурткі, ёсць сістэма дадатковай адукацыі.

Што да такога не менш актуальнага пытання, як час пачатку заняткаў у школах, Ігар Карпенка адзначыў, што ў цэлым пытанняў з гэтым не ўзнікае. Міністэрства пастаянна маніторыць сітуацыю. «Калі прэзідэнт наведваў адну са школ Мінска, я дакладваў, што больш за 80% школ гатовы перайсці на пачатак заняткаў з 9 і 8.30. Аднак застанецца нейкі працэнт школ, якія будуць працаваць з 8.00. У першую чаргу гэта тыя ўстановы адукацыі, якія працуюць у дзве змены або дзе наладжана пэўная схема падвозу вучняў «, - адзначыў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0