Актывісты арганізацыі «Іншая Расія» 7 лістапада правялі ў Екацярынбургу акцыю ля будынка «Ельцын-цэнтра». У выніку нацболы аблілі бензінам помнік першаму прэзідэнту Расіі. Быў затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі Ігар Шчука, ураджэнец беларускага Салігорска.

Цяпер на Шчуку заведзеная крымінальная справа па артыкуле 214 КК РФ «Вандалізм». Яму свеціць абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Ігар Шчука — чалавек цікавага лёсу. З маладых гадоў ён стаў актывістам нацыянал-бальшавіцкага руху. Калі нацболаў афіцыйна забаранілі ў Расіі, то яны перарадзіліся ў выглядзе «Іншай Расіі». Шчука ўступіў у шэрагі новай арганізацыі Эдуарда Лімонава.

Шчука ўжо праводзіў 10 месяцаў у турме ў Хабараўску, пасля акцыі супраць перадачы расійскіх выспаў Кітаю. Агулам Шчуку затрымлівалі больш за 50 разоў. На яго некалькі разоў заводзілі крымінальныя справы, у тым ліку за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У 2013 годзе Шчуку нечакана прызвалі служыць у беларускае войска. Яго затрымалі проста ў Маскве, а паліцыя выдала позву ў беларускі ваенкамат.

На майскія святы хлопец прыехаў да бацькоў у Салігорск, у выніку апынуўся ў вучэбцы ў Печах. Праз некалькі месяцаў службы Шчуку камісавалі, у яго знайшлі гепатыт. Хаця расійскі журналіст Аркадзій Бабчанка напісаў, што Шчуку камісавалі «па дурцы».

У беларускім войску Ігар Шчука служыць не хацеў, затое з радасцю паехаў у Луганск, ваяваць за «рускі свет» у рамках «ЛНР». «Альбо «ДНР», альбо смерць», — казаў Шчука ў інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь». Той самы Бабчанка дадае, што Шчука ў Луганску быў камандзірам: «Міліцэйскага ці то ўзвода, ці то цэлага атрада».

Не так даўно Шчука вярнуўся з Украіны назад у Расію, дзе зноў уліўся ў дзейнасць «Іншай Расіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?