Бубнач мінскага фолк-рок-гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка выпусціў відэа, у якім моваю музыкі паспрабаваў распавесці пра самыя значныя падзеі з гісторыі Беларусі.

«У кампазіцыі «Naša Historyja» слухач праходзіць шляхам стагоддзяў ад часоў Полацкага княства да нашых дзён, і ўсё гэтае падарожжа выяўляецца з дапамогай складаных рытмаў і незвычайных мелодый. «Трэк выйшаў такім, якімі, як мне падаецца, былі падзеі беларускай мінуўшчыны: эклектычным ды поўным кантрастаў, — распавядае музыка. — Лёгкія кавалкі раптоўна пераходзяць у інтэнсіўныя і напружаныя, змяняюць адзін аднаго нестандартныя памеры».

Re1ikt — гурт, які cпалучае традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Апроч стандартных электрагітары, бас-гітары і бубнаў музыкі выкарыстоўваюць шмат разнастайных перкусійных інструментаў: рататомы, кахон, тамбурын, шэйкеры, трашчотку, дарбуку, джэмбэ ды іншыя. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0