Калі вадаём, у якім жыве чарапаха, пакрываецца лёдам, яна плыве на дно, дзе тэмпература звычайна трымаецца на ўзроўні +4 градусаў. Такім чынам жывёла ратуецца ад смерці ў халодным паветры, бо тэмпературы ніжэйшай за нуль яна ўсё ж не перанесла б.

Але чарапаха — не рыба, якая можа дыхаць пад вадой з дапамогай жабраў. Што ж рабіць, калі вадаём зацягнуў шчыльны лёд, і чарапаха не можа выбрацца на паверхню, каб трохі падыхаць?

  Балотная чарапаха, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі

Балотная чарапаха, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі

Для таго, каб падтрымліваць жыццё ўзімку, гэтыя жывёлы выкарыстоўваюць два прыёмы. Першае, што яны робяць, — уваходзяць у стан гібернацыі (папросту кажучы — у зімовую спячку). Пры гэтым метабалізм моцна запавольваецца, і жывёлы абыходзяцца той невялікай колькасцю кіслароду, якая засталася ў крыві.

Але часам гэтага кіслароду можа і не хапаць, таму другі прыём, які выкарыстоўваюць чарапахі — так званае «клаачнае дыханне», або дыханне азадкам.

Рэч у тым, што ў вобласці паміж заднімі лапамі знаходзіцца шмат крывяносных сасудаў, праз якія кісларод, які ўтрымліваецца ў вадзе, можа трапляць у арганізм жывёлы.

Адкуль жа ўзімку у вадзе бярэцца кісларод? Падводныя жывёлы выкарыстоўваюць той выпрацаваны багавіннем з дапамогай фотасінтэзу кісларод, які застаўся яшчэ з восені. Дарэчы, за ўсю зіму рыбы і іншыя насельнікі вадаёма выкарыстоўваюць яго амаль цалкам. Але навукоўцы высветлілі, што для чарапах не праблема пратрымацца пад вадой да 100 дзён, чаго цалкам дастаткова для таго, каб перажыць зіму.

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?