Legatum Prosperity Index апублікаваў вынікі 149 краін свету ў галіне якасці жыцця паводле дзевяці асноўных параметраў. Месца ў рэйтынгу вызначаецца сумай пунктаў, набраных у кожнай з тых катэгорый. У аніводнай з іх наша краіна не здолела патрапіць нават у топ-40. Рэйтынг складаецца шляхам апытання жыхароў усіх краін, якія даступныя даследчыкам.
Інфаграфіка — Legatum Prosperity Index
Найгорш за ўсё — паводле апытаных — у нас выглядаюць справы ў галіне дзяржаўнага кіравання — 134-е месца. Ненашмат лепш — асабістая свабода (133) і сацыяльны капітал (129). Адносна неблагая сітуацыя толькі ў адукацыі — 43-е месца.
Для суцяшэння можна дадаць, што ў нашым рэгіёне Беларусь не найгоршая. За намі знаходзяцца Расія — 101-е месца, і Украіна — 112-е.
А найлепшыя краіны для жыцця ў гэтым годзе — Нарвегія, Новая Зеландыя, Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя, Галандыя, Данія, Канада, Аўстралія і Велікабрытанія.
Замыкаюць спіс краін Афганістан, Судан, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка і Емен.
Legatum Prosperity Index складаецца для ацэнкі сусветнага багацця і дабрабыту. Праводзіцца аналітычным цэнтрам са штаб-кватэрай у Лондане Legatum Institute з 2008 года.





