3 сьнежня спаўняецца 80 гадоў паэтцы, стваральніцы музэя Максіма Багдановіча ў Горадні Дануце Бічэль. Напярэдадні паэтка расказала Радыё Свабода пра каханьне, выдатных мужчын і легендарных жанчын, зь якімі яна сустракалася ў жыцьці.

1. Пра закаханых у яе чытачоў

Пра гэта трэба доўга думаць (усьміхаецца), пытаньне вельмі складанае. Назваць некага з чытачоў, напэўна, не магу. А вось прыгожыя гісторыі заўсёды здараліся, калі мы сустракаліся зь Янкам Брылём і Мацеем-Юзэфам Канановічам. Яны любілі са мной пажартаваць, разыгрывалі мяне, расказвалі пра мяне нешта сьмешнае, але мілае і жартаўлівае. Мне было вельмі прыемна зь імі. А вось Уладзімер Калесьнік, сустракаючы мяне, заўсёды казаў, што прачытаў мае «кантычкі», альбо часам называў мае вершы малітоўнікам, бо ўжо тады лічыў іх духоўнымі. Але іх я не магу залічыць проста да чытачоў.

2. Пра самы ўражальны падарунак за вершы

Звычайна мне дарылі мех бульбы (сьмяецца), бо я жыву ў такой краіне. У мяне пра гэта быў напісаны адмысловы верш: «…Хто прывязе мне два мяхі бульбы на зіму, буду маліцца яму…» Але калі прыгадаць самыя вялікія падарункі для мяне, то хочацца сказаць пра тых, хто прычыніўся да выданьня маіх кнігаў. Як і сёньня памятаю, як Карпюк узяў сшытак маіх першых вершаў, сам надрукаваў іх на машынцы і адвёз Алесю Адамовічу. Той падключыў Анатоля Вялюгіна, зрабіў яго рэдактарам, і так зьявілася кніга «Дзявочае сэрца». Другую кнігу мне дапамагаў выдаць Рыгор Барадулін, мы разам правілі вершы, каб кніга магла прайсьці цэнзуру.

Прэзэнтацыя кнігі Дануты Бічэль Прэзэнтацыя кнігі Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас» у Біскупцах, роднай вёсцы пісьменьніцы. 5 жніўня 2008 году

Калі пачала пісаць прозу, то стала яшчэ складаней выдаваць свае кнігі. Але і тут атрымлівала падарункі: Павал Мажэйка дапамог выдаць «Хадзі на мой голас». Кіраўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч выдалі «Мост сьвятога Францішка». Кнігу на польскай мове «Ty to ty» выдаў Мацей-Юзаф Канановіч. І да майго 80-годзьдзя вялікі падарунак мне зрабіў Кастусь Цьвірка. Ён увёў мяне ў «Беларускі кнігазбор», паставіў у адзін шэраг зь беларускімі клясыкамі. І я вельмі ўдзячная ўсім ім за такія падарункі.

3. Пра пачуцьці да Васіля Быкава

Данута Бічэль і Васіль Быкаў Данута Бічэль і Васіль Быкаў

Магчыма, я была ў яго крыху закаханая, але гэта было хутчэй плятанічнае каханьне, якое натхняла на творчасьць. Гэта быў доўгі пэрыяд у маім жыцьці, і нашыя размовы, найчасьцей тэлефонныя, сканчаліся, але потым мелі працяг у маіх вершах. Цяжка сказаць цяпер, што паміж намі тады было. Мы сустракаліся, гулялі ўздоўж Нёмана, ён шмат расказваў. Яму трэба было некаму выказацца, а мне было цікава тады ўсё паслухаць, што ён гаварыў.

4. Пра закаханасьць Уладзімера Караткевіча

Нехта нас сфатаграфаваў у Менску на пісьменьніцкім зьезьдзе. Ён стаяў, прытуліўшыся да мяне плячом, але ён інакш ніколі і ня мог стаяць. Мой муж вельмі раўніва паставіўся да гэтага здымка, і я парвала тую фотакартку ў яго на вачах. А Караткевіч насамрэч быў закаханы ва ўсіх жанчын на сьвеце. Прычым вельмі дэманстратыўна гэта рабіў, а таму я папраўдзе ня ведаю, у каго ён быў закаханы. У яго была вельмі рамантычная натура, і такой атрымлівалася ягоная літаратура. Ён спальваў сябе ў слове, а ў жыцьці атрымлівалася ўсё па-іншаму.

5. Пра аповесьць «Данута» Аляксея Карпюка

Не, не, гэта не было зьвязана са мной. Ён узяў для назвы тутэйшае беларуска-польска-літоўскае імя. Прычым ад пачатку ягоная гераіня мела іншае імя, але потым ён спыніўся менавіта на гэтым. Мяне яшчэ нават не было ў Горадні, калі ён напісаў гэтую аповесьць. Пра яго магу прыгадаць толькі ўсё самае лепшае і разумею, што пры жыцьці ня здолела цалкам ацаніць ягоныя заслугі. Калі Быкаў працаваў у літаратуры на сваю асобу і гэтым славіў Беларусь, то Карпюк працаваў на ўсіх адразу. Яму ня трэба было тварыць вялікага Карпюка, ён ствараў эўрапейскую Горадню, ён працаваў для людзей.

Данута Бічэль прамаўляе на 100-х угодках Ларысы Геніюш. Зэльва, 2010 год Данута Бічэль прамаўляе на 100-х угодках Ларысы Геніюш. Зэльва, 2010 год

6. Пра стасункі зь Янкам Брылём

Янка Брыль быў чалавекам эмацыйным, вельмі цёпла ставіўся да жанчын-літаратарак і імкнуўся ім заўсёды дапамагчы. Пра кожную жанчыну ён меў станоўчыя думкі. Памятаю, паскардзілася яму на тое, што ў выдавецтве паздымалі з кніжкі шмат маіх вершаў, а ён мне: «Што ты перажываеш, у цябе там столькі харошага засталося…» І так гэта цёпла, з увагаю. Для яго жанчына — гэта як аб’ект для слуханьня, у яго тады зьяўлялася красамоўства і ён рос у сваіх вачах, гаварыў мудрыя рэчы. Ён быў заўсёды прыстойным семьянінам і ніхто ніколі ня мог яго ў гэтым папракнуць.

7. Пра ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага

Я была ў Вішневе ў ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ўсяго тры разы. Мой сын быў пахрышчаны ў Вішневе, і шлюб ён там браў. Калі я малюся, то ў пераліку сваіх родных запісваю айца Уладзіслава.

Я дагэтуль падтрымліваю сувязь з музэем, які ёсьць у Вішневе, праўда, наведацца да іх праблематычна.

8. Пра сучасных беларускіх сьвятароў

Вядома, заўсёды быў недзе беларускі сьвятар, нават сярод тых, хто быў закатаваны ці загінуў у гады ліхалецьця. І цяпер ёсьць добрыя ксяндзы і біскупы, якія працуюць на Беларускі касьцёл. Але зь сёньняшніх сьвятароў я хачу назваць імя Ігара Лашука. І я ведаю, што ў нядзелю 3 сьнежня Ігар Лашук будзе маліцца ў Багданаве за мяне. Гэта я ведаю.

9. Пра гісторыю з Ларысай Геніюш

Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 год Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 год

Цяжка цяпер прыгадваць зноў і зноў нейкія падрабязнасьці нашага зь ёй сяброўства. Скажу, што Ларыса Антонаўна ліставалася з многімі, сама казала, што любіць пісаць лісты, і ў сваіх лістах яна пісала летапіс свайго жыцьця. А мне на ўсё жыцьцё застаўся на ўспамін той кавалачак стужкі, калі нас здымалі ў ейным садзе і мы проста працягвалі адна адной рукі. Я разумею, што ўвайшла ў літаратуру дзякуючы толькі таму, што аказалася ў нейкі час у тым гародчыку зь ёй. Можа, гэта і сьмешна, але гэта праўда, бо ніхто пасьля гэтага мяне не пакідаў. Калі я была маладая і прыгожая, хадзіла на тэлевізію і чытала вершы — яно ўсё некуды канула ў лету, і ніхто пра гэта ніколі ня згадвае. А той маленькі кавалачак стужкі, які зьняў Юрка Голуб і які ўвайшоў у новы фільм на «Белсаце» пра Ларысу Геніюш, запісаў у гісторыю і мяне.

10. Пра навуку Натальлі Арсеньневай

Мы ліставаліся зь ёй у апошнія гады. Яна жыла ў Амэрыцы, і там, вядома, не была абцяжараная праблемай, як пражыць на пэнсію. Яна апісвала, як гуляла па парку, як зьбірала там грыбочкі. На мае лісты яна адказвала бязь сьпеху, але тое, што і як яна пісала, навучыла мяне не перадаваць у лістах ніякіх эмоцый. Пісаць лісты яна навучыла мяне толькі ў спакойным стане, паколькі ў кожным лісьце ты творыш гісторыю. Вось гэтыя рэчы я ад яе і ўзяла, і цяпер ніколі не пішу лісты ва ўзбуджаным стане. Яе спакой, філязофскае, нават містычнае стаўленьне да важнага, пра нашы адносіны да сьвету — гэта перадалося ад яе мне.

***

Данута Бічэль Данута Бічэль

Данута Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. У 1962 годзе закончыла Горадзенскі пэдінстытут імя Я. Купалы. Доўгі час працавала настаўніцай. Была стваральніцай і дырэктаркай музэю Максіма Багдановіча ў Горадні.

Яе пяру належаць зборнікі паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Ты — гэта ты» (1976), «Дзе ходзяць басанож» (1982) (Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы), «А на Палесьсі» (1990), «Ты не самотны…» (1997), «Снапок» (1999), «У Будслаўскай сьвятыні ты ранішняй зоркай…» (2004), «На белых аблоках сноў» (2002), «Ойча наш…» (2008).

Аўтарка кніг прозы «Хадзі на мой голас» (2008), «Мост сьвятога Францішка» (2010), а таксама зборнікаў паэзіі для дзяцей — «Лузанцы» (1982), «Габрэнька і Габрусь» (1985). Многія вершы паэткі пакладзены на музыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?