У нататцы Сяргея Дубаўца на «Свабодзе», якая працягвае дыскусію вакол ягоных апошніх гістарычных допісаў, вельмі цікава паказана «гісторыя беларускай гісторыі» (гістарычнай навукі). Яна дзеліцца на дзве часткі. З аднаго боку — даследчыкі савецкай пары. Ім уласцівыя высокія памкненні і матывы, якія мусілі рэалізоўвацца, аднак, супраць пануючага вучэння, цэнзурных абмежаванняў, супраць цэлай эпохі. Аб цэнзуры як творчай магчымасці сам Дубавец пісаў даўней.

Па іншы бок гэтай «восі дабра» знаходзяцца сучасныя гісторыкі. Проці сваіх тытанаў-папярэднікаў, яны (тут мо асцярожнае «мы» пасавала б) ушчэнт згубілі місію. Безумоўна, ёсць уцешныя выняткі: Арлоў, Краўцэвіч.

Цікава, што гэтыя гісторыкі ў Дубаўца фігуруюць пераважна як шэрая, безназоўная маса. Магчыма, каб нікога асабіста не пакрыўдзіць? Фігуруе Антон Астаповіч, які вядомы больш як публічная постаць, як даследчык — хіба ў меншай ступені. Мімаходзь памянёны адыход ад місіі і канцэпцыі ў працах Сагановіча.

Такая карціна сапраўды дазваляе нарадзіцца тэзісу, што ўся крытычная гістарыяграфія — крытычная ў найгоршым сэнсе: яна, нібыта, нічога не прапануе наўзамен. Магчыма, гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці. Пяць наступных кніг, як здаецца, падаюць цікавую, насычаную раннюю гісторыю беларускай нацыі — але без «місіі» ў разуменні Дубаўца.

Юры Туронак

«Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі», безумоўна, адна з найлепшых прац, напісаных беларускімі гісторыкамі калі-колечы. Ёй уласцівая строгая дыстанцыя, якая, аднак, не пераходзіць у адчужаную холаднасць.

У гэтай кнізе шмат усяго. Але ў кантэксце вышэй пастаўленага пытання яна дазваляе дакладна зразумець адну рэч: яшчэ каля 1900 года беларускага руху не было.

Не было структур, не было досведу і не было традыцыі. Не існавала «рамка мабілізацыі», якая залучала б рэсурсы — фінансы, тэксты, актывістаў і г. д. Таму адно з першых пытанняў, якое ставіць Туронак, гучыць проста: а чаму, уласна, Вацлаў Іваноўскі стаў беларусам?

Безумоўна, з інтэрпрэтацыяй Туронка многія не пагадзіліся. Вобраз Іваноўскага як фактычнага «стваральніка» Беларусі выдаваў на радыкалізм, звязаны з асабістымі сімпатыямі даследчыка. Каб назваць толькі некаторыя рэцэнзіі: у НН (16/1993) крытычна разбіраў (калі можна так выказацца) кнігу Янка Жамойцін, калі яна выйшла па-польску. На беларускі пераклад рэагаваў Станіслаў Рудовіч — ягоны водгук выйшаў у «Беларускім гістарычным аглядзе» («БГА») Сагановіча.

Туронак скрупулёзна паказвае, як выглядае стварэнне нацыі. Праз палітычныя суполкі, стварэнне пэўнай сацыяльнай ідэнтычнасці (беларуская інтэлігенцыя) і асветніцтва. Іваноўскі меў выключнае значэнне ў гэтым кантэксце: ягоныя сувязі і арганізацыйны талент дазволілі, напрыклад, суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца» мець стабільныя фінансы.

А ўвогуле, на той час гэта быў тыпова ўсходнееўрапейскі рэцэпт — але ж у нетыповых храналагічных акалічнасцях.

Валер Булгакаў

Такім чынам, паводле Туронка, беларуская ідэя набыла арганізацыйную дынаміку менавіта каля 1900 года.

Ёсць іншыя меркаванні. Яны не адмаўляюць Туронка, але прапануюць адметныя крытэрыі аналізу. Андрэй Казакевіч і Андрэй Асадчы ў важнай працы «Пачаць пісаць па-беларуску» лакалізуюць перыяд, калі рэкрутацыя беларускамоўных аўтараў стала незваротнай, паміж 1880 і 1889 гадамі. Акрамя таго, на іхную думку, менавіта ў гэты час беларусазнаўства набывае «сістэматычны характар».

Сістэматычны характар — тое, што Фуко назваў бы «парадкам дыскурсу». Гэты момант прыводзіць да наступнай кнігі. Гаворка пра «Гісторыю беларускага нацыяналізму» Валера Булгакава, якая выйшла ў 2006-м.

Зусім коратка канцэпцыю кнігі перадае і Дубавец: «нехта млява дапусціў, што беларуская нацыянальная ідэя, здаецца, узнікла ў асяроддзі «западноруссов» недзе ў сярэдзіне ХІХ ст., але канцэпцыі не прапанаваў». Рэч у тым, што публіцыст «Свабоды» спасылаецца тут на дыскусію ў фэйсбуку, а не на кнігу Булгакава, дзе прапануецца якраз канцэпцыя.

Кніга даволі займальная. Найперш сваім нястрымным крытыцызмам у дачыненні да ўсяго, што аматары Караткевіча любяць у ХІХ стагоддзі. Імперская адміністрацыя, прыгон, польскі месіянізм і сталічная грамадская думка дзейнічаюць у гэтай кнізе зусім іначай.

Булгакаў піша пра множныя нацыяналізмы ў Беларусі, пра культурны шок, які кожны з іх выклікаў па сваім узнікненні. Пра культуру беларускага каланіялізму, наступствы якой мы бачым да сёння. Пра Каяловіча, Рыпінскага, Бяссонава — іначай кажучы, пра Багушэвіча і ўсіх-усіх-усіх.

Багушэвіч у гэтай кнізе — як філаматы ў нататцы Дубаўца або Іваноўскі ў даследаванні Туронка. Ягоныя тэксты — гадзіна нуль, момант узнікнення сучаснай Беларусі як разгорнутай канцэпцыі мэтавызначэння.

Адзін з ключавых тэзісаў кнігі — аб тым, што Беларусь паўстала дзякуючы даследчым намаганням людзей, матываваных расейскімі імперскімі вымаганнямі, — выклікаў немалую спрэчку. Хоць на той час гэтая думка ўжо была не зусім новая. У прыватнасці, прыблізна пра гэта пісаў беларускі этнолаг Павел Церашковіч (2004).

Кніжка Булгакава выклікала дыскусію (пераважна ў ягоным жа часопісе «Arche»), асабліва цікавая рэцэнзія належыць памянёнаму ўжо Казакевічу (але цікава: Булгакаў датуе «восевы час» беларускай нацыі 1880—1899, што так блізка перагукаецца з тэзісам Казакевіча і Асадчага). Блізкія тэзісы ў 2009-м пераняў таксама магілёўскі археолаг Ігар Марзалюк, ягоная кніга «Міфы адраджэнскай гістарыяграфіі» таксама даволі жвава абмяркоўвалася.

Фуко быў памянёны нездарма. Булгакаў не проста канстатуе велічэзнае адставанне беларускага нацыяналізму ад аналагічных рухаў (ён ставіць у адзін шэраг беларускі і в’етнамскі). Кніга робіць спробу прапанаваць тлумачэнне гэтай сітуацыі. Яно — фукадзіянскае. Проці Церашковіча, які абапіраўся на развіццё капіталістычных адносін, Булгакаў звяртае ўвагу на змяненні ў парадку дыскурсу. Сама ідэя Беларусі ўзнікла позна — канчаткова паміж 1880 і 1899, — прычым узнікла з нетраў расейскага каланіялізму.

Менавіта з гэтай прычыны яшчэ ў 1900-м Вацлаў Іваноўскі мусіў перш стварыць беларускую інтэлігенцыю, а ўжо потым перайсці да «практычнага нацыятварэння».

Станіслаў Рудовіч

Асобнае важнае пытанне, якое Дубавец абмінае. Ён піша пра аб’ект свайго інтарэсу: «паўстаньне мадэрнай беларускай нацыі, менавіта палітычнай нацыі, якая ўвабрала ў сябе ўсе этнасы, што жывуць на нашай зямлі».

Папраўдзе, гэта менавіта пытанне. Якой бачылі будучую беларускую нацыю прадстаўнікі «беларускай прафесіі», скажам, у 1919-м? А ў 1902-м? Канфедэрацыя ВКЛ ці «Рэспубліка Рад», якую праектаваў Тамаш Грыб, сапраўды мелі рысы палітычных нацый. Але якую ролю ў гэтым комплексе ідэй гралі польскія паны? Жыдоўскія ліхвяры? Пра гэта пытаюць радзей.

На гэты конт цікавыя разважанні быў выказаў Станіслаў Рудовіч. У яго ёсць кніга, прысвечаная развіццю беларускага нацыяналізму ў 1917-м (называецца «Час выбару»). Але цікавей звярнуць увагу на іншую працу.

Гэта серыя артыкулаў, прысвечаная Першаму Усебеларускаму з’езду, выходзіла ў гарадзенскай «Пагоні» да 80-годдзя гэтай падзеі. Яна так і называецца: «Усебеларускі з’езд як пачатак станаўлення палітычнай нацыі беларусаў».

Рудовіч тлумачыць з’езд як нараджэнне беларускай палітычнай нацыі. Сапраўды, менавіта ў снежні 1917 года стала ясна, што магчымая беларуская нацыя будзе зусім не такой, якой бачылася ейным менеджарам у 1905-м. З’езд, у якім узялі ўдзел розныя палітычныя плыні, стаў ключавой пляцоўкай перагавораў аб такой палітычнай нацыі ў Беларусі, аб яе «грамадзянскай дамове».

Гэтая нацыя была шматмоўнай, ідэалагічна супярэчлівай, пакуль яшчэ неад’емнай ад Расіі. З’езд не наважыўся нават на словы «беларуская рэспубліка» ў сваёй дэкларацыі. Разам з тым сіла прыцягнення, легітымнасць, якая паўстала з гэтай падзеі, у 1918 годзе былі падмуркам для ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі — першапачаткова на шырокай палітычнай платформе беларускіх нацыяналістаў і русіфікаваных гарадскіх колаў (буржуазіі, бадай).

Акрамя таго, у 2001-м у «БГА» выйшла рэцэнзія Рудовіча на працу Алеся Смаленчука. У ёй шмат увагі адводзіцца самой дыхатаміі грамадзянскай і этнічнай нацыі: гэта праясняе метаўзровень гэтай размовы.

Вадзім Круталевіч

Важна, аднак, удакладняць далей (аперацыяналізаваць) сэнс пытання: калі ўзнікла беларуская нацыя. Як ідэя яна ўзнікла ў другой палове ХІХ стагоддзя, як спосаб прыватнай матывацыі ўкаранілася, па ўсім відаць, паміж 1880 і 1899 гадамі. Арганізацыйную форму беларускі нацыяналізм набыў пазней, паміж 1900 і 1906.

Іншае пытанне: калі беларускі нацыяналізм стаў масавым? Міраслаў Грох называў гэта фазай «С» нацыянальнага руху.

Рысы масавай мабілізацыі беларускі нацыяналізм выяўляе ў перыяд пасля 1917 года. Уласна, Усебеларускі з’езд часткова сведчыў аб гэтым — хоць яшчэ зусім нядаўна, у лістападзе, БСГ з прыкрай ганьбай прайграла выбары ва Устаноўчы сход.

У гэтай гісторыі часта «выпадае» адзін момант — савецкі. У 1918-м праграма ленінскага ўрада выглядала прывабнай, практычна ажыццёўленай магчымасцю. Таму Жылуновіч і Чарвякоў пайшлі на работу ў Наркамнац, якім кіраваў Сталін. Яны на працягу 1918 года шукалі, як змагчы ўпарты шавінізм смаленскага абласнога кіраўніцтва. Гэта драматычная гісторыя: яны зноў і зноў цярпелі паражэнні, публіцыстыка Гартнага, здавалася, зусім не мела эфекту. Але ў канчатковым выніку гэтая работа стала адным з чыннікаў, якія спрычыніліся да ўзнікнення першай Беларускай «радавай» рэспублікі.

Гэта неймаверна цікавая, драматычная і шматузроўневая гісторыя. У 1968-м, у зусім яшчэ «посттанкаўскім» «Полымі», да 50-годдзя БССР яе расказаў Вадзім Круталевіч. Расказаў па тым часе няправільна: пра шавінізм, пра негатоўнасць беларусаў да сваёй рэспублікі, пра рост іхнай свядомасці ў 1918-м і пра ролю міжнароднай сітуацыі. Неўзабаве артыкул асудзіў Машэраў.

Андрэй Чарнякевіч

Круталевіч, безумоўна, не пасуе цяперашняму духу часу. Наскрозь савецкі беларус, ён яўна не меў місіі і канцэпцыі. Дакладней, меў няправільныя. Ён не мае шанцаў у спаборніцтве з тэкстамі Краўцэвіча. Напрыклад, з ягонай рэплікай пра неабходнасць здаровага нацыяналізму, дзе ён у тым ліку дзеліцца сваім меркаванем аб кнізе Андрэя Чарнякевіча «Нараджэнне беларускай Гародні».

У кантэксце гэтай гаворкі гэта вельмі важная кніга. Яна расказвае прыблізна пра тое, аб чым пісалі Туронак ці раней — Круталевіч. Пры гэтым Чарнякевічу не адмовіш, здаецца, у місіі: кніга прысвечаная Алесю Кіркевічу і пачынаецца гаманкім эпіграфам з Сеўрука: «Я адзін, але я адчуваю прысутнасць кожнага, хто тут быў…»

Чарнякевіч паказвае балючую гісторыю аб тым, як у 1910—1930-х гадах у Горадні існаваў беларускі нацыяналізм. Ён расказвае пра супярэчнасці і закалоты (асабліва гэта добра відаць у перыяд, калі Горадня была «сталіцай БНР»), пра фінансавую залежнасць ад вонкавых сіл і звязаныя з ім «механізмы ўплыву», пра дэфіцыт чалавечых рэсурсаў.

Гэтыя чыннікі мелі далекасяжныя наступствы. Недахоп грашовых сродкаў прыводзіў да сітуацыі, калі нацыянальны інтарэс, матывацыі і канфлікты ў беларускай палітыцы вызначаліся звонку. Беларускасць у Горадні ў выніку функцыянавала як нонканфармізм, як «адмова ад наяўных нацыянальных праектаў», піша даследчык. Беларусы таго часу былі не «культурным прадуктам», які фарміраваўся ў сацыялізацыі; гэта была палітычная тоеснасць.

І ўсё ж, нават у гэтых умовах беларускі нацыяналізм меў пэўны патэнцыял. «Творчы патэнцыял» «ўздым[у] грамадскай актыўнасці» стаў асабліва відавочны ў сярэдзіне 1920-х і быў звязаны з вельмі складанай і супярэчлівай (бо фінансаванай бальшавікамі) Грамадой. Радыкалізацыя і палітызацыі беларускага руху ў Польшчы, аднак, у канчатковым выніку мела адваротны эфект: яна дала нагоду польскай адміністрацыі знішчыць яго цалкам.

Праца Чарнякевіча цікавая не толькі таму, што чытаецца як актуальны палітычны памфлет. Яна важная таксама як прыклад выдавецкай палітыкі. Выдавецтва Янушкевіча ўжо некалькі гадоў свядома (так здаецца з боку) намагаецца зрабіць прафесійную беларускую гістарыяграфію даступнай шырэйшаму колу чытачоў. Сваім існаваннем яно яшчэ раз паказвае, што беларуская гістарыяграфія сёння больш разнастайная і дынамічная, чым можа выглядаць.

* * *

Гэтыя кнігі, побач з іншымі, расказваюць складаную гісторыю. Як некалі быкаўская проза абурала ветэранаў ад кампартыі, так і сёння праца гісторыкаў успрымаецца некаторымі (многімі?) аматарамі беларушчыны як варожыя падкопы. У такой карціне свету нядзіўна, што Караткевіч (а не Сагановіч, напрыклад) аказваецца гісторыкам, вартым даверу.

Цікава ўсё ж запытацца: ці сапраўды кнігі без супярэчнасцяў, падпарадкаваныя загадзя вызначанай канцэпцыі (і місіі), спрыяюць пазітыўнай мэце?

Залежыць ад мэты, вядома ж. Нездарма Збігнеў Герберт, вялікі знаўца канцэпцый і місій, так падсумаваў польскую версію адной з іх: «ланцугі таўталогіі». Гэта хіба не менш важка за зерне «Каласоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?