Больш за 2,4 тыс. навабранцаў прынялі прысягу ў навучальным цэнтры ў Барысаве, перадае БЕЛТА.
На ўрачыстым рытуале прыняцця прысягі ў 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах пад Барысавам прысутнічаў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.
Архіўнае фота.
Перад прысягай ў навучальным цэнтры прадстаўнікі Мінабароны і камандзіры падраздзяленняў цэнтра правялі сустрэчы з роднымі і блізкімі навабранцаў. Бацькі ваеннаслужачых змаглі азнаёміцца з умовамі побыту і пражывання, арганізацыяй харчавання і з узорамі ваеннай формы адзення, а таксама атрымаць адказы на ўсе іх пытанні.
Як паведаміў нядаўна міністр абароны Андрэй Раўкоў, пасля гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў Печах пачата рэалізацыя мер кадравага, тэхнічнага, арганізацыйнага характару ў дачыненні да вайсковай часткі 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра.
Пасля заканчэння ўрачыстага мерапрыемства вайскоўцы новага папаўнення адправіліся ў першае ў іх ваенным жыцці звальненне.
Словы прысягі сёння прамаўляюць больш за 7,5 тыс. прызваных на тэрміновую ваенную службу маладых людзей і больш за 1,5 тыс. прызваных на службу ў рэзерве.





