Як раней паведамляла «НН», 14 снежня быў узламаны сайт Bsblog.info, які ўзначальвае былы міліцэйскі следчы, аналітык Андрэй Паротнікаў. Нагадаем, што ў матэрыял пра паездку Андрэя Паротнікава ў Румынію былі дададзеныя антырасійскія выказванні, а распаўсюджваў адрэдагаваны артыкул фэйкавы акаўнт «Віталь Макарэвіч».
Скрыншот з фэйкавага акаўнта.
На гэтым акаўнце можна знайсці шмат рэпостаў з артыкуламі прарасійскага сайта «Імхаклаб». Высветлілася, што ў рэальнасці фота з фэйкавага акаўнта сапраўды належыць чалавеку з імем Віталь Макарэвіч, але ніякага дачынення да фэйсбучнага акаўнта, які піярыць «Імхаклаб», ён не мае.
Старонкі сапраўднага Віталя Макарэвіча з Мінска можна знайсці ў сацыяльных сетках Укантакце і Аднакласнікі.
Ад фэйсбучнага троля старонкі сапраўднага Віталя Макарэвіча адрозніваюцца апалітычнасцю: там збольшага забаўляльны кантэнт.
У той час як фэйсбучны фэйкавы акаўнт публікаваў пераважна артыкулы з «Імхаклаба» з беларускамоўнымі каментарамі. У сябрах у фэйкавага «Віталя Макарэвіча» быў рэдактар «Імхаклаба» Аляксей Дзерман, які актыўна пакідаў на гэтай старонцы свае каментары.
Фэйсбучны «Віталь Макарэвіч» працаваў у ІТ-кампаніі EPAM, у рэальнасці чалавек з такім іменем там не працуе.
У дадзены момант фэйсбучны акаўнт «Віталь Макарэвіч» стаў недаступным. Яго немагчыма знайсці ў пошуку, але інфармацыю пра гэтую старонку захаваў кэш Google.
Мы даслалі запыт сапраўднаму Віталю Макарэвічу. Але ў Укантакце ён апошні раз быў даўно, і нам пакуль не адказаў.





