Сусветная баксёрская асацыяцыя ўхваліла месца і дзень правядзення боя за вакантны чэмпіёнскі тытул WBA у першай паўсярэдняй вазе (да 63,3 кг).
За яго паспрачаюцца беларус Кірыл Рэліх (21-2, 19 накаўтаў) і кубінец Рансэс Бартэлемі (26-0, 13 накаўтаў), бой адбудзецца 10 лютага ў Сан-Антоніа, ЗША.
На сёння кубінец першы ў рэйтынгу WBA, Рэліх — другі.
Гэта будзе ўжо другая спроба беларуса заваяваць пояс: летась Рэліх у вельмі спрэчным баі не здолеў адабраць тытул у чэмпіёна Рыкі Бёрнса, хоць не толькі перабіў яго па колькасці ўдараў, але і адправіў на падлогу.
Зрэшты, эксперты сышліся на думцы, што адабраць пояс у брытанца пры суддзях-брытанцах і баі ў Брытаніі немагчыма, калі толькі не перамагаць накаўтам.
Чэмпіён Рыкі Бёрнс большасць бою ўцякаў ад Рэліха, а потым увогуле апынуўся на падлозе, але перамогу падарылі яму. Фота skysports.com
Потым у Рэліха быў канкурэнтны бой з тым самым кубінцам Бартэлемі. У адным з апошнім раундаў Рэліх проста збіваў свайго апанента, але рэферы выратаваў кубінца, без дай прычыны пачаўшы адлік накдаўна, хаця Бартэлемі заставаўся на нагах.
У выніку, і тады перамогу не аддалі беларусу, пасля чаго вышэйшае кіраўніцтва WBA пастанавіла, што судзейскае рашэнне з'яўляецца некарэктным, і быў прызначаны рэванш, які і вырашыць, хто стане чэмпіёнам.
Фрагмент першага бою Рэліх — Бартэлемі.
Кірыл Рэліх паходзіць з Баранавіч, доўгі час ён трэніраваўся ў мінскага спецыяліста Сяргея Пыталева, потым перайшоў да колішняй зоркі, а цяпер трэнера Рыкі Хатана.





