Нацыянальнае агенцтва выведкі Паўднёвай Карэі мяркуе, што за кібератакай на крыптавалютную біржу Bithumb стаяць хакеры, звязаныя з КНДР, паведаміла крыніца ў выведвальным ведамстве, піша Бі-бі-сі.
У выніку выкананай яшчэ ў лютым хакерскай атакі была выкрадзеная крыптавалюта прыкладна на 7 мільёнаў даляраў па яе курсе на той момант.
Цяпер цана выкрадзенай крыптавалюты складае больш за 80 мільёнаў даляраў. Таксама хакеры скралі асабістыя звесткі больш як 30 тысяч карыстальнікаў біржы.
Bithumb — самая папулярная крыптавалютная біржа Паўднёвай Карэі і адна з найбуйнейшых такіх біржаў у свеце.
На думку аналітыкаў, паўночнакарэйскія хакеры могуць ажыццяўляць атакі на крыптавалютныя біржы, каб краіна мела магчымасці абысці фінансавыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Пхеньяна ў сувязі з ядзернай праграмай КНДР.
Як паведамляецца, хакеры атакавалі Bithumb у лютым 2017 года, аднак пра кібератакі стала вядома толькі ў чэрвені.
Хакеры таксама паабяцалі сцерці на сваіх носьбітах скрадзеную імі інфармацыю пра карыстальнікаў біржы, калі Bithumb заплаціць ім 5,5 мільёна даляраў.
Крыніца ў Нацыянальным агенцтве выведкі Паўднёвай Карэі таксама паведаміла, што КНДР падазраюць у дачыненні да яшчэ адной атакі — на крыптавалютную біржу Coinis, якая адбылася ў верасні.
Яшчэ адна спроба кібератакі на гэтую біржу ў кастрычніку была спынена. Інфармацыя аб кібератацы была перададзена ў пракуратуру Паўднёвай Карэі.
Улады Паўднёвай Карэі не рэгулююць гандаль лічбавымі валютамі і дзейнасць крыптавалютных біржаў на тэрыторыі краіны.





