Сяржук Доўгушаў, фота з фэйсбука.
Жаданне рэалізаваць сябе па-за межамі Беларусі ў арганізатара «Спеўных сходаў», лідара гурту Vuraj Сержука Доўгушава было даўно. Галоўная прычына — адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі для культурных праектаў.
«Хочацца новых стасункаў і сувязяў. Абвастрыла жаданне змяніць месца прапіскі няпростае фінансавае становішча: знаходзіць грошы для арганізацыі мерапрыемстваў усё складаней», — тлумачыць ён.
Сяржук падаў заяўку на стыпендыю Міністэрства культуры Польшчы «Gaude Polonia» і, як высветлілася на днях, выйграў яе.
У Польшчы ён працягне тую ж дзейнасць, якой займаўся і тут: будзе папулярызаваць беларускую музыку і традыцыі. Толькі цяпер многія мерапрыемствы будуць рабіцца сумесна з палякамі. Ад такога міжкультурнага дыялогу, як ён лічыць, культурніцкая дзейнасць толькі выйграе.
А што ж будзе з праектамі Сяргея, «Спеўным сходам» і гуртом Vuraj?
Ён упэўнівае, што нічога страшнага з імі не здарыцца:
«Па-першае, шмат спеўных сходаў будзе праводзіцца непасрэдна ў Польшчы для беларусаў, якія там жывуць. Па-другое, у Беларусі ўжо сфармавалася незалежная каманда, якая працягне арганізатарскую дзейнасць і без мяне. Ды я і сам буду прыязджаць на імпрэзы раз на месяц: усё ж Варшава — гэта не такі далёкі свет. Што тычыцца Vuraj, то, спадзяюся, атрымаецца запрасіць калектыў на месяц у Варшаву, каб на якасным узроўні запісаць там новы альбом».
У планах Сяргея таксама стварыць «Спеўнаму сходу» сайт, каб людзі мелі магчымасць заходзіць туды і самастойна запісваць фанаграмы, знаходзіць народныя песні. «Гэта будзе выхадам на новы ўзровень», — верыць Сяргей.
Што будзе пасля сканчэння стыпендыі, Сяржук пакуль дакладна не ведае.





