Малады кіроўца трамвая з Лодзі, пабачыўшы, што на прыпынку пад вагон забег кот, адмовіўся працягваць рух, пакуль жывёла адтуль не выйдзе, паведаміла тэлебачанне TVN24. Аднак кот забіўся глыбока ў механізмы, якія прывабілі яго сваім цяплом — і адмаўляўся адтуль выходзіць.

«Пасажыры сказалі мне, што я псіхічна хворы і называлі мяне дэбілам. Аднак я ўсё адно не паехаў», — распавёў Міхал Лютэр. Затрымка руху на лініі трамваяў, пакуль выратавальнікі не дасталі ката часткова размантаваўшы вагон, склала 80 хвілін.

Міхал Лютэр

Міхал Лютэр

Здарэнне, што адбылося 11 снежня, выклікала шмат супрацьлеглых рэакцый у сацсетках. Аднак прэс-сакратар Гарадскога транспартнага прадпрыемства Себасціян Грахала заявіў, што фірма задаволеная рашэннем, прынятым Міхалам.

А прадстаўнікі фонду «Нежаданыя і забытыя», якія займаюцца бяздомнымі жывёламі, аддалі маладому кіроўцы свае калядныя зарплатныя бонусы, каб узнагародзіць яго не толькі добрым словам.

Сам Міхал Лютэр, тлумачачы свой учынак, сказаў, што яму ў прынцыпе каты не падабаюцца, бо ў яго дома — хамяк. «Але гэта яшчэ не нагода пазбаўляць іх жыцця», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?