За апошнія гады КДБ Беларусі ўдалося выкрыць 36 агентаў замежных спецслужбаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта ў інтэрв'ю «СБ Беларусь Сегодня» распавёў кіраўнік ведамства Валерый Вакульчык, піша Tut.by

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

— Усяго толькі за апошнія пяць гадоў выяўленая і спыненая разведвальная дзейнасць 36 супрацоўнікаў і агентаў спецслужбаў замежных дзяржаў, у тым ліку 13 прыцягнута да крымінальнай адказнасці. Адзін з іх пасля быў «абменены» на двух беларускіх грамадзян, асуджаных за мяжой.

Вакульчык таксама распавёў, што замежныя спецслужбы актыўна спрабуюць вербаваць грамадзян нашай краіны. Асабліва агрэсіўна ў гэтым пытанні, паводле яго слоў, дзейнічае суседняя Літва, спецслужбы якой выкарыстоўваюць «у тым ліку мэтанакіраваныя правакацыі, якія ў цывілізаваным свеце засталіся ў мінулым».

— Вядома ж, гэта недапушчальна. І наўрад ці спрыяе ўмацаванню і развіццю адносін. Асабліва з улікам тых абставін, што беларускі транзіт істотна папаўняе бюджэт Літвы, — адзначыў Валерый Вакульчык.

Ён распавёў, што толькі сёлета на 15 гадоў пазбаўлення волі асуджаны адзін грамадзянін Беларусі, завербаваны літоўскімі спецслужбамі. Заведзена дзве крымінальныя справы па артыкуле «Здрада дзяржаве», яшчэ адна справа накіравана ў суд.

Яшчэ адзін грамадзянін Беларусі — былы старшы афіцэр — быў прысуджаны за шпіянаж да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

— Шляхам шантажу і пагроз завербаваны замежнай разведкай, ён збіраў і перадаваў звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты. Спрабаваў уцягнуць у супрацьпраўную дзейнасць сваіх былых калегаў. Але, нягледзячы на прадпрыманыя яго куратарамі меры бяспекі і канспірацыі, здраднік быў выкрыты, яго віна цалкам даказаная ў судзе, — паведаміў падрабязнасці кіраўнік КДБ.

Што ж тычыцца эканамічных злачынстваў, то Валерый Вакульчык адзначыў: «Эканамічная бяспека — адзін са складнікаў нацыянальнай бяспекі. Таму, вядома ж, барацьба з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі — таксама наша справа».

За апошнія тры гады КДБ выявіў больш за 1600 карупцыйных злачынстваў. Асноўную частку іх яшчэ на стадыі дазнання перадалі ў іншыя праваахоўныя органы. Камітэт займаўся расследаваннем самых значных і рэзанансных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0