У Мсціславе павалілася частка 260-гадовага касцёла. Заклікі да двух міністраў і грамадскасці аб неабходнасці ратаваць будынак як мага хутчэй не дапамаглі. Гісторыю перамоваў неабыякавага мсціслаўца з уладамі і сумныя вынікі чыноўніцкай бяздзейнасці распавядае Tut.by.

Фота wikipedia.org.

Фота wikipedia.org.

Пра тое, што павалілася частка сцяны касцёла ў Мсціславе, распавёў мінчук і ўраджэнец Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч. Ён апублікаваў відэа, якое атрымалася даволі эмацыйным.

Актывіст двойчы звяртаўся да міністраў культуры — былога і цяперашняга, Барыса Святлова і Юрыя Бондара — з просьбай выратаваць будынак рэдкай прыгажосці і архітэктуры.

Пасля відэазвароту да Святлова Дзянісу прыйшоў адказ за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко аб тым, што вылучыць сродкі з рэспубліканскага бюджэту на «вышэйадзначаную гісторыка-культурную каштоўнасць не ўяўляецца магчымым».

У адказе таксама прыводзілася, што ў чэрвені 2017 года Міністэрства культуры «прапанавала Мсціслаўскаму райвыканкаму прапрацаваць з уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці пытанне і прыняць меры па прыцягненні рэсурсаў грамадскіх і камерцыйных арганізацый, спонсараў, інвестараў […] для стварэння ўмоў па забеспячэнні захаванасці аб'екта спадчыны, у тым ліку і па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі».

У мсціслаўскіх уладаў грошай на рэканструкцыю касцёла тым больш не знайшлося. Толькі праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі касцёла каштуе 100 тыс. рублёў. І сума гэтая прыблізная.

Так езуіцкі касцёл выглядаў знутры два месяцы таму, калі па будынку пайшлі новыя расколіны.

Скрыншот відэа Дзяніса Касцюкевіча.

Скрыншот відэа Дзяніса Касцюкевіча.

Скрыншот відэа Дзяніса Касцюкевіча.

Скрыншот відэа Дзяніса Касцюкевіча.

Калона і аркі са скляпеннем, якія яны трымалі, абрынуліся з-за таго, што няма даху. І вось праз два месяцы павалілася частка сцяны.

— Пасля абвалу на месца выязджалі нашы спецыялісты па будаўніцтве, супрацоўнікі МНС, каб пераканацца ў тым, што няма небяспекі людзям, — распавёў TUT.BY намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Ігар Мельнікаў.

Паводле яго слоў, доступ у будынак закрыты, ёсць агароджа, каб да яго не набліжаліся людзі. Цяпер чыноўнікі вырашаюць, што рабіць далей. Але гаворкі аб рэканструкцыі будынка па-ранейшаму не ідзе, падкрэсліў Ігар Мельнікаў. Для раённага бюджэту гэта проста непад'ёмная сума.

З моманту першага відэазвароту з просьбай пачаць ратаваць касцёл прайшло 5 месяцаў. Падобна на тое, сумны прагноз Касцюкевіча пра тое, што праз год ратаваць ужо не будзе чаго, пачынае спраўджвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?