Выдаленне гена сардэчных захворванняў

27 ліпеня ў Портлэндзе, штат Арэгон, навукоўцы дасягнулі значнага прарыву ў тэхналогіі геннага рэдагавання. Скарыстаўшыся CRISPR, яны паспяхова выдалілі ў чалавечага эмбрыёна ген, звязаны з сардэчнымі захворваннямі. Праз два месяцы падобную аперацыю паспяхова правялі кітайскія навукоўцы.

Вырошчванне органаў

А 1 мая былі зробленыя поспехі ў галіне рэгенератыўнае медыцыны. Інстытут рэгенератыўнай медыцыны Wake Forest цяпер вядзе перадавыя праекты па вырошчванні чалавечых органаў і тканак. Адкрыцці яго даследчыкаў могуць дапамагчы ў аднаўленні пашкоджанняў нерваў і нават вырасціць цэлыя канечнасці і ўнутраныя органы.

Імітацыя маткі

26 красавіка дактары Дзіцячай лякарні Філадэльфіі здолелі зымітаваць жаночую матку з выкарыстаннем сінтэтычнае прылады для прадухілення смяротнасці і хвароб заўчасна народжаных дзяцей, меншых за 37 тыдняў. Эксперымент быў паспяхова праведзены на нованароджаным ягняці.

І беларусы маюць дасягненні

Беларускія навукоўцы ў маі заявілі, што распрацавалі матэрыял, які дазваляе выяўляць рэчывы ў вельмі нізкіх канцэнтрацыях. Выкарыстоўваць такі метад можна ў розных галінах — напрыклад, у крыміналістыцы, медыцыне, у тым ліку нават для дыягностыкі анкалагічных захворванняў.

Штучны інтэлект 

На сёння нейронныя сеткі з'яўляюцца прыярытэтным кірункам даследаванняў у галіне штучнага інтэлекту і адыгрываюць вялікую ролю ва ўсталяванні больш цеснага ўзаемадзеяння чалавека і тэхнікі. А галоўнай задачай на сёння з’яўляецца пошук новых, найбольш эфектыўных спосабаў навучання нейронных сетак.

У маі Google прэзентаваў праект AutoML, які можа сам навучаць нейрасеткі: цяпер нейрасетка сама можа ствараць нейрасетку.

Чытайце таксама: Наступная рэвалюцыя ў інфарматыцы — нейронныя сеткі. Камп'ютар будзе не праграмавацца, а вучыцца

Дапоўненая рэальнасць

Вядучыя сусветныя кампаніі заявілі аб прыярытэтным развіцці тэхналогій дапоўненай рэальнасці. Google прадставіла тэхналогію ARCore, якая дазваляе ўжываць тэхналогію дапоўненай рэальнасці для прылад на АС Android, а Apple — аналагічную ARKit. Цяпер можна з дапамогай экранаў мабільных прыладаў бачыць новую рэальнасць, якая гарманічна ўпісваецца ў рэальны свет.

Чытайце таксама: Віртуальная і дапоўненая рэальнасць: што гэта і ў чым адрозненне?

Адметным для беларусаў стаў выхад аперацыйнай сістэмы iOS11, у якой з’явілася падтрымка беларускай раскладкі клавіятуры ўпершыню з моманту стварэння гэтай АС 10 год таму.

Чытайце: Як паставіць беларускую клавіятуру на айфон і айпад

А 28 ліпеня на Міжнароднай канферэнцыі па квантавых тэхналогіях у Маскве быў прадстаўлены рэкордны 51-кубітны квантавы камп’ютар. 

Космас

19 красавіка навукоўцы з Еўрапейскай арганізацыі астранамічных даследаванняў знайшлі найлепшую планету для пазаземнага жыцця. LHS 1140b была знойдзеная ў заселенай зоне зоркі, што знаходзіцца за 40 светлавых гадоў ад Зямлі.

Планета ва ўяўленні мастака. NASA

Планета ва ўяўленні мастака. NASA

Тым часам міжнародны калектыў планетолагаў высветліў, што ў нетрах Месяца ёсць вада. Вулканічныя часцінкі спадарожніка ўтрымліваюць, паводле ацэнак даследчыкаў, каля 0,05% (па масе) вады. Спецыялісты мяркуюць, што яе можна будзе здабываць і выкарыстоўваць у планаваных місіях на Месяцы.

Нобелеўскую прэмію па фізыцы ў адыходзячым годзе атрымалі Райнер Вайс, Бары С. Барыш і Кіп Торн за выяўленне гравітацыйных хваляў. Існаванне іх прадказваў яшчэ Альберт Эйнштэйн у 1916 годзе, але выявіць іх удалося толькі ў верасні 2015 года, калі даследчыкі зафіксавалі ўсплёск такіх хваляў, што былі створаныя зліццём дзвюх чорных дзіраў супольнай масай у 53 Сонцы.

Чытайце: Што такое гравітацыйныя хвалі, за адкрыццё якіх далі Нобелеўскую прэмію?

30 сакавіка амерыканская кампанія SpaceX паспяхова запусціла на арбіту і пасадзіла паўторна выкарыстаны ракетаносьбіт Falcon 9. Гэты прарыў яшчэ больш павялічыў даступнасць касмічных запускаў: эканомія складзе больш за $18 млн за кожны пуск. Акрамя таго, NASA плануе запусціць у 2019 годзе тэлескоп Джэймса Уэба, які дазволіць вывучаць хімічны склад атмасферы экзапланет. Калі ўсё атрымаецца, то чалавецтва зробіць значны крок наперад: выяўленне прыдатных для жыцця планет стане пытаннем часу, лічаць навукоўцы. За працамі над тэлескопам можна назіраць на сайце NASA.

Прарыў ёсць і ў даследаваннях нашай Сонечнай сістэмы. У верасні ў атмасферы Сатурна згарэў касмічны зонд «Касіні», які адпрацаваў на яго арбіце 13 гадоў. За гэтыя гады ён сабраў шмат унікальнай інфармацыі, а перад завяршэннем сваёй работы здзейсніў некалькі падлётаў да Сатурна максімальна блізка. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі даследаванняў: настолькі блізка да Сатурна яшчэ не падыходзіў ні адзін зонд. Дзякуючы гэтаму у навукоўцаў з'явіліся дадзеныя аб атмасферы і магнітасферы планеты, а таксама унікальныя фатаграфіі і запісы.

Гэта — не малюнак, а рэальнае фота Сатурна і яго самага вялікага спадарожніка — Тытана.

Гэта — не малюнак, а рэальнае фота Сатурна і яго самага вялікага спадарожніка — Тытана.

Для разгону апарат выкарыстоўваў гравітацыйнае поле трох планет. Ён два разы праляцеў побач з Венерай — у 1998 і 1999 гадах, затым, у жніўні 1999 года з хуткасцю 69 тыс. км/г прайшоў каля Зямлі, узімку 2000 года праляцеў міма Юпітэра, перадаўшы на Зямлю яго фатаграфіі. Да Сатурна апарат наблізіўся 30 чэрвеня 2004 года і стаў першым штучным спадарожнікам гэтай планеты. Апошнюю 91 секунду рухавікі зонда працавалі амаль бесперапынна: яны дасягнулі стоадсоткавай магутнасці за 20 секунд да страты сігналу. Падчас фінальных 8 секунд «Касіні» пачаў перакульвацца назад. Антэна змяніла сваю арыентацыю, таму радыёсігнал перастаў даходзіць да Зямлі.

Так выглядаў «Касіні»

Так выглядаў «Касіні»

15 верасня у 14:55 па мінскім часе NASA атрымала ад зонда апошняе паведамленне, пасля чаго яго назаўсёды паглынула атмасфера газавага гіганта. Легендарны касмічны апарат праводзілі апладысментамі і слязамі суму і падзякі за праведзеную працу.

Чытайце таксама: Топ-10 найлепшых ФОТА Сатурна і яго спадарожнікаў, якія зрабіў касмічны апарат Cassini

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?