Нацбанк абвесціў курсы валют на 1 студзеня 2018 года. Штодзень (альбо штомесяц) вызначаецца курс беларускага рубля да 78 валютаў свету.
«Наша Ніва» падлічыла, якія валюты падаражэлі ў Беларусі мацней за ўсё. А якія наадварот — рэзка патаннелі.
Найвыгадней было захоўваць грошы ў валютах усходнееўрапейскіх краін, якія ўступілі ў Еўрасаюз, але не карыстаюцца еўра. Чэшская крона і польскі злоты падаражалі на 21,1%. Арыентаваныя на гандаль з Еўрасаюзам Сербія, Малдова, Албанія і Харватыя таксама ўмацавалі свае валюты.
Валюты, якія найбольш падаражалі ў 2017 годзе ў адносінах да беларускага рубля
- Чэшская крона — 21,1%
- Польскі злоты — 21%
- Сербскі дынар — 19,4%
- Малдаўскі лей — 16,9%
- Албанскі лек — 16,6%
- Харвацкая куна — 15,3%
- Еўра — 15,2%
- Македонскі дэнар — 14,9%
- Балгарскі леў — 14,8%
- Дацкая крона — 14,7%
Агулам за год падаражалі 59 валют, прычым даляр — толькі на 0,73%.
А вось афіцыйныя курсы 19 валют зменшыліся. Пакінем па-за рэйтынгам сумы — ва Узбекістане пасля смерці прэзідэнта Іслама Карымава быў нанесены ўдар па чорным курсе валюты. Фармальна адбылася дэвальвацыя, але ў рэальнасці дзяржава проста зрабіла чорны рынкавы курс афіцыйным.
Валюты, якія найбольш патаннелі ў 2017 годзе ў адносінах да беларускага рубля
- Эфіёпскі быр — 21,4%
- Аргентынскі песа — 16,5%
- Таджыкскі самоні — 10,9%
- Іранскі рыял — 10,6%
- Суданскі фунт — 7,2%
- Турэцкая ліра — 7,1%
- Туніскі дынар — 5,8%
- Пакістанская рупія — 4,8%
- Афгані — 4,2%
- Алжырскі дынар — 2,9%.





