Росту ўплыву пасадзейнічаў і «Лега. Фільм»
Самым уплывовым брэндам у свеце ў гэтым годзе стаў дацкі вытворца цацак Lego, вынікае з рэйтынгу, складзенага кансалтынгавым агенцтвам Brand Finance.
У рэйтынгу кошту брэндаў Lego займае толькі 196-ы радок, аднак у рэйтынгу ўплывовасці ён пакінуў ззаду Google, Nike, Disney і многія іншыя сусветна вядомыя брэнды. Пры складанні рэйтынгу самых уплывовых брэндаў ацэньваецца папулярнасць і вядомасць брэнда, рэпутацыя кампаніі і лаяльнасць спажыўцоў.
Lego ўжо займаў першы радок рэйтынгу самых уплывовых брэндаў у 2015 годзе, а ў 2016 годзе ён заняў другое месца ў рэйтынгу, саступіўшы толькі Disney.
Цяпер складана паверыць, што дацкая кампанія ў 2004 годзе была блізкая да банкруцтва: яе доўг перавысіў 800 млн даляраў. Нават старшыня рады дырэктараў Lego Brand Group Ёрген Віг Кнудсторп тады прызнаў паразу.
«Мы стаім на выпаленай зямлі, у нас скончыліся сродкі і хутчэй за ўсё мы не выжывем», — казаў ён тады калегам.
А ў 2016 годзе кампанія Lego паведаміла аб рэкорднай выручцы 5,9 млрд даляраў і чыстым прыбытку 1,5 млрд. Некаторыя эксперты назвалі рэструктурызацыю Lego адной з самых удалых.
Кампанія адмовілася ад імкнення да дыверсіфікацыі — у 2005 годзе кампанія пазбавілася ад тэматычных паркаў Legoland, на якія Lego раней выдаткоўвала немалыя грошы.
Кампанія больш увагі надала свайму галоўнаму кірунку працы — вырабу цацак. Канструктары Lego любяць не толькі дзеці, прадстаўнікі старэйшых пакаленняў таксама неабыякавыя да іх.
Lego ўдалося прадаць 75 млн канструктараў ў 2016 годзе.
У мінулым годзе кампанія выйшла на рынак Кітая, адкрыўшы там новую фабрыку, што дазволіла ёй зрабіць таннейшай вытворчасць і канкураваць з вытворцамі, якія прадаюць танныя цацкі.





