«У канале Тэлеграма (amadnews) з'явіліся інструкцыі па выкарыстанні кактэйляў Молатава супраць паліцыі, і мы яго заблакавалі згодна з нашым правілам «ніякіх заклікаў да гвалту». Асцярожна — ёсць лініі, якія ніхто не павінен пераходзіць», — напісаў у сябе ў Твітары стваральнік мэсэнджара Тэлеграм Павел Дураў.

У Іране Тэлеграм — самы папулярны мэсэнджар. Лічыцца, што ім карыстаецца да паловы насельніцтва.

Менавіта Тэлеграм быў выкарыстаны, каб склікаць людзей на дэманстрацыі пратэсту. Першая адбылася ў Мешхедзе 28 снежня. Інфармацыя пра яе імгненна распаўсюдзілася па ўсёй краіне, і 29 і 30 снежня маніфестацыі спалахнулі ўжо ў трох дзясятках гарадоў.

Пасля гэтага міністр тэлекамунікацый Ірана звінаваціў Тэлеграм у «падбухторванні пратэстаў».

Як сведчаць размешчаныя ў Ютубе відэа, выступы былі бурныя. Людзі скандавалі «Смерць дыктатару», меўся на ўвазе аятала Хаменеі. А таксама «Мулы, прэч з краіны».

На разгон маніфестантаў былі адпраўленыя сілы так званых Вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі і дружыннікаў-басіджаў. У горадзе Даруд два маніфестанты загінулі.

У Тэгеране пакуль прайшлі толькі малалікія акцыі, з удзелам пераважна студэнтаў.

Непасрэднай нагодай для пратэстаў стаў рост цэнаў на базавыя прадукты харчавання. Аднак на вуліцах амаль адразу загучалі палітычныя лозунгі. Дэманстранты патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Раўхані і змены сістэмы.

Іран — закрытая краіна, ісламская тэакратыя. У Іране адзіная ў сваім кшталце палітычная сістэма: адбываюцца канкурэнтныя выбары, абіраюць парламент і прэзідэнта, але канчатковае слова пры гэтым застаецца за шыіцкім духавенствам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?