Працягваецца суд над трымя «рэгнумаўцамі» Юрыем Паўлаўцом, Сяргеем Шыптэнкам і Дзмітрыем Алімкіным, якім інкрымінуецца распальванне варожасці і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.
Рэпартажы з суда робіць расійскі рэсурс eadaily.com.
Звяртаюць на сябе ўвагу раней невядомыя дэталі: калі пачалі разбіраць электронную перапіску Паўлаўца, высветлілася, што ён перапісваўся з пасольствам Расіі ў Беларусі.
Адвакатка падсуднага пакпіла з гэтага: «Ці не спрыяе пасольства Расіі незаконнаму прадпрымальніцтву?» — спытала яна ў суддзі.
А вось як Паўлавец пракаментаваў гэтае супрацоўніцтва.
«Ён заявіў, што пісаў для сайта «Вместе с Россіей», які дзейнічае пад эгідай пасольства. Сайт некамерцыйны, але пасольства ўзяло на сябе абавязкі па грашовым узнагароджванні аўтараў», — цытуе Паўлаўца eadaily.com.
На пытанне, як ён атрымліваў грошы, Паўлавец сказаў, што гатоўкай: «Гэта вядомы факт, у тым ліку праваахоўным органам і КДБ», — сказаў Паўлавец.
Аб чым піша сайт пад патранажам расійскага пасольства?
У прыватнасці, там можна ў самых красамоўных фармулёўках прачытаць пра тое, як «спусцелую Латвію абжываюць дзікія жывёлы», як «бандэраўцы маглі б павучыцца ў беларускіх вучоных перад тым, які ісці на штурм Кіева», што «беларускія ўлады толькі русафобіяй не абмяжоўваюцца».





