Вядомы азербайджанскі журналіст Афган Мухтарлы асуджаны на шэсць гадоў зняволенья паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні мяжы. Калегі і сваякі сцвярджаюць, што яго выкралі ў Грузіі і вывезлі ў Азербайджан.
Справа Афгана Мухтарлы мела вялікі рэзананс у Грузіі, дзе ён знаходзіўся апошнія два гады.
Як паведаміў адвакат журналіста Эльчын Садыгаў, пракурор запатрабаваў для яго васьмі гадоў пазбаўлення волі.
«Рашэнне суда незаконна, заснавана на лжывых абвінавачаннях, і мы пададзім апеляцыю», — заявіў Садыгаў.
Афган Мухтарлы быў прызнаны вінаватым у незаконным перасячэнні мяжы, перавозе кантрабанды (па дадзеных следства, ён меў пры сабе 10 тысяч еўра) і супраціве пры затрыманні.
У сваім апошнім слове Афган Мухтарлы заявіў, што суд палітычна матываваны, а сапраўднай прычынай пераследу з'яўляюцца яго артыкулы пра карупцыю. Па словах журналіста, яго выкралі ў Тбілісі і вывезлі ў Азербайджан.
«Вы мне не зможаце даць апошняе слова, патрэбныя словы я буду прамаўляць да канца жыцця», - заявіў ён.
«Справа Мухтарлы»
Афган Мухтарлы, азербайджанскі журналіст, з'ехаў з Азербайджана і два гады жыў у Грузіі.
Асноўнай тэмай яго матэрыялаў была карупцыя ў Азербайджане. Ён пісаў у тым ліку пра ўласнасць азербайджанскага прэзідэнта Ільхама Аліева і яго сям'і ў Грузіі.
Увечары 29 мая 2017 года яго жонка Лейла і калегі заявілі, што Афган не выходзіць на сувязь і, магчыма, яго выкралі. На наступны дзень ён апынуўся ў Баку.
Мухтарлы апошні раз бачылі ў цэнтры Тбілісі. Праваабаронцы, а таксама многія палітыкі лічаць, што яго выкралі ў Тбілісі і перавезлі ў Азербайджан пры ўдзеле або папушчальніцтве сілавых структур абедзвюх краін.





