У школе №67, у якой частка выкладчыкаў і бацькоў ўзбунтаваліся супраць дырэктара, вялікія перамены. Ранейшы кіраўнік навучальнай установы Ганна Мельнікава напісала заяву па ўласным жаданні, а дзеці з'ездзілі на конкурс, на які яна іх не адпускала.

Канфлікт у СШ №67 Гомеля здарыўся яшчэ ў пачатку лістапада. Некаторыя настаўнікі і бацькі, незадаволеныя дзеяннямі нядаўна прызначанага дырэктара школы Ганны Мельнікавай, склалі калектыўны «Ліст недаверу» і адправілі ў вышэйшыя інстанцыі, а таксама размясцілі ў інтэрнэце петыцыю, у якой патрабавалі адстаўкі дырэктара.

У школе, дзе паспяхова развівалі ўжо шмат гадоў эстэтычны напрамак (у навучальнай установе пяць узорных і адзін народны музычны калектыў), на думку бацькоў, літаральна за два месяцы пагоршыліся ўмовы для рэпетыцый, штучна скарачаліся гадзіны выкладання прадметаў эстэтычнай cкіраванасці, дзяцей пазбаўлялі канцэртаў.

У лістападзе на школьным сходзе з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля і аддзела адукацыі бацькам паабяцалі, што ўзніклі непаразуменні і праблемы ў хуткім часе вырашацца.

Аднак сітуацыя не змянілася. Свайго апагею канфлікт дасягнуў у снежні, калі дырэктар выдала загад аб адмене паездкі на прэстыжны міжнародны конкурс у Польшчу з абгрунтаваннем «няма сродкаў». Бацькі зноў пачалі абурацца. У сітуацыю ўмяшаліся гарадскія ўлады і ўпраўленне адукацыі — дзецям дазволілі паехаць на конкурс.

Перад самым новым годам дырэктар напісала заяву паводле ўласнага жадання і пайшла са школы.

— 22 снежня Ганна Васільеўна сабрала ў актавай зале калектыў і паведаміла пра сваё звальненне. З трэцяга студзеня ў нас новы дырэктар — Аляксей Чарнышоў, да гэтага кіраваў школай №26, — распавялі ў школе.

Дарэчы, у пачатку студзеня юныя артысты вярнуліся з Польшчы з конкурсу, на які іх не пускала дырэктар, і прывезлі адтуль гран-пры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?