Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася з лістом з нагоды пачатка юбілейнага для Беларусі 1918 года

«У 2017 годзе Канада сьвяткавала свае стопяцідзясятыя ўгодкі. І як прыемна было бачыць, што ня толькі ўлады, але і кожны горад, кожнае мястэчка, кожная вёска адзначалі гэты юбілей. Людзі ўдзельнічалі ў афіцыйных імпрэзах, але таксама стараліся з гэтай нагоды зьдзейсьніць нейкія юбілейныя праекты, адсьвяткаваць юбілей асабіста, кожны па-свойму.

Дык вось, зьвяртаюся да вас сёньня з заклікам: давайце і мы, усе мы, у Беларусі і ў замежжы, адзначым наш Юбілей — сто гадоў адноўленага існаваньня нашай дзяржавы. Пачатак быў нялёгкі, ва ўмовах вайны на нашай зямлі між чужымі нам імпэрыямі, ва ўмовах дагавораў між імі, у якіх мы ня бралі ўдзелу. Але нашыя продкі ўсё ж здолелі абвясьціць сьвету, што беларускі народ жыве і жадае быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром свае зямлі.

Дзякуючы адвазе і вытрываласьці нашых продкаў, незалежнасьць Беларусі была абвешчаная, прызнаная суседзямі, і нават бальшавікі ня здолелі зноў зрабіць з нас расейскую губэрнію.

Усе мы ведаем, што без БНР не было б БССР і сёньня не існавала б незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь», адзначаецца ў звароце.

«У гэтыя сотыя угодкі БНР, заклікаю кожнага з Вас, мае дарагія суродзічы, адзначыць падзеі 1918 году на нашай зямлі гэтак, як адзначаюць такія сьвяты грамадзяне вольных краінаў.

Або ўрачыстымі сустрэчамі, прысьвечанымі БНР, канцэртамі, гутаркамі, імпрэзамі.

У замежжы, дык я абсалютна ўпэўненая, што прынамсі 25 Сакавіка адсьвяткуюць урачыста і з радасьцю. Забудземся ў гэты дзень на тое, што яшчэ не нармальна ў нашым краі, бо верым, што дачакаемся і мы тае вольнай, беларускай Беларусі, пра якую ўсе марым», — падкрэсліла Івонка Сурвіла.

Рада БНР — сімвалічнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні з 1920 г. Адноўлена з 1947 г. Кіраўнікамі Рады БНР пасля вайны былі Мікола Абрамчык, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Язэп Сажыч. З 1997 года — Івонка Сурвіла, што жыве ў Атаве.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна