Віцебскі абласны суд 30 студзеня разгледзеў апеляцыю па справе расійскага святара Мікалая Кірэева, якога паўгода таму затрымалі ў кампаніі жанчын лёгкіх паводзінаў побач з вакзалам у Віцебску, і пакінуў прысуд без зменаў, піша Tut.by.
Фота Ігара Мацвеева
Нагадаем, у лістападзе 2017-га суд Чыгуначнага раёна Віцебска прысудзіў Мікалая Кірэева за спробу арганізаваць вываз дзяўчат за мяжу ў якасці прастытутак да 5 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
39-гадовы святар з пасёлка імя Марозава Ленінградскай вобласці віну не прызнаў: «Я не вінаваты. Гэтых людзей (пацярпелых дзяўчат) я нікуды не вывозіў».
Абаронца Кірэева — прадстаўнік юркансультацыі Партызанскага раёна Мінска Андрэй Доўнар.
— Да мяне звярнуліся сваякі і знаёмыя айца Мікалая. Гэта справа складаная, я нічога каментаваць пакуль не буду. Аднак пазіцыя падабароннага тая ж: ён лічыць сябе невінаватым, кажа, што яго дзеянні былі вымушанымі, — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, апеляцыю падавалі і абарона, і бок абвінавачвання. Судовая калегія пакінула прысуд суда Чыгуначнага раёна Віцебска без зменаў. Адвакат пакуль не ведае, ці будзе яго падабаронны абскарджваць і гэта рашэнне.





