Нядаўна нехта ў стужцы пытаў: пра якую спартыўную падзею ў Беларусі можна было б зняць духаўздымнае кіно тыпу «Рух уверх».
Я думаю, што пра спартыўныя перамогі людзі пачынаюць здымаць фільмы ў двух выпадках. Першы — калі у цябе выпускаецца стотышч фільмаў у год і сцэнарысты не паспяваюць ваяць, а акторы тухнуць, гніюць і прастайваюць.
Вось як у ЗША.
Другі выпадак: вакол беспрасветны капец. Усё гераічнае, што было — было ў акопах і было знята.
Кіна няма, а сцэнарысты, што б ні пісалі — нязменна пішуць «жопа» ужо ў сінопсісе.
Народныя спадзевы звязаныя выключна з мельдоніем. І таму трэба пра спорт.
У выпадку Беларусі здымаць фільмы пра спартыўныя падзеі — гэта самы панылы і бессэнсоўны занятак.
У нас, хоць вакол і капец, але яшчэ не было знята галоўнага.
І я не кажу пра Усяслава Чарадзея, пра Астрожскага ці Скарыну.
У нас можна зняць фільм пра чалавека, які прыдумаў ракетнае паліва, пражыў агромнае жыццё, бачыў, як з попелу і роспачы здабыла незалежнасць краіна, за якую ён змагаўся.
Ці пра хлопчыка, які прыбіраў Купалаўскі тэатр, і як пасля там паставілі спектакль па ягонай кнізе.
Ці пра іншага хлопчыка, які спыняў бульдозер, баронячы крыжы.
У нас ёсць пра што здымаць духаўздымнага — вось цяпер.
І пра цяпер здымаць трэба як мага хутчэй, пакуль сюжэты ідуць і верыцца ў лепшае.
Наогул, здымаючы беларускі фільм вельмі важна разумець, у які момант яго пачаць і ў які скончыць.
Бо праблема Беларусі ў цэлым не ў адсутнасці сюжэтаў, а ў недахопе хэпі-эндаў.





