Новае сацыялагічнае апытанне, праведзенае Цэнтрам аналізу і сацыялагічных даследаванняў Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (МРІ), выявіла, што 39% украінцаў маюць да Беларусі цёплыя і вельмі цёплыя пачуцці. Гэта не найгоршы паказчык, аднак да Польшчы, Літвы, Канады, Германіі і ЗША ўкраінцы ставяцца лепш, чым да нашай краіны.
У апытанні, у якім прынялі ўдзел 2400 грамадзян Украіны, сярод многіх пунктаў было пытанне, якое ацэньвала знешнепалітычныя сімпатыі ўкраінцаў.
Вельмі цёпла да нашай краіны ставяцца ўсяго 7% украінцаў, цёпла — 32%, нейтральна — 50%, халаднавата — 8% і вельмі прахалодна — менш за 1% апытаных.
Такім чынам, імідж нашай краіны сярод украінцаў горшы, чым імідж Польшчы (цёплае і вельмі цёплае стаўленне ў 50% апытаных), Літвы (47%), Германіі (42%) і ЗША (40%).
Доўгі час ўкраінцы больш за ўсё сімпатызавалі менавіта Беларусі. Напрыклад, яшчэ ў красавіку 2017 года 56% украінцаў ставіліся да Беларусі цёпла і вельмі цёпла. Аднак за 2017 год гэты паказчык знізіўся да 39%. Павялічылася і колькасць тых, хто ставіцца да Беларусі прахалодна і вельмі прахалодна - з 3% да 9%.





