Ахвярамі драпежнікаў становяцца вартавыя сабакі. У прыватнасці, сляды ваўкоў рэгулярна бачаць жыхары вёсак Максімаўка, Мяжа, Лялеўшчына, Газьба.
Праз гэта вяскоўцы баяцца па вечарах выходзіць на вуліцу. Паляўнічыя пастаянна ладзяць аблавы на ваўкоў. Толькі ў студзені ў Гарадоцкім раёне было здабыта 11 жывёл.
Але заманіць дзікага звера ў пастку складана, паколькі за ноч ён можа прайсці да 30 кіламетраў.
Па словах спецыялістаў, у вёскі драпежнікі наведваюцца праз недахоп корму ў лесе. Акрамя таго, на іх колькасць у раёне ўплывае блізкасць мяжы з Расіяй.
«Для ваўка межаў не існуе. Калі мы яго здабываем тут, на яго месца прыходзяць іншыя. Знішчыць іх на 100% практычна немагчыма», — адзначыў вядучы паляўніцтвазнаўца Гарадоцкай раённай структуры Беларускай арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў Валерый Кажаноўскі.





