Расійскія вытворцы цукру знаходзяцца ў больш выгадных умовах у параўнанні з беларускімі. Аб гэтым Аляксандру Лукашэнку сёння далажыў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела, перадае БелТА.

Чытайце таксама: Беларускі цукар у Маскве каштуе ў паўтара разу танней, чым у Мінску

Кіраўнік дзяржавы, наведваючы Слуцкі цукрарафінадны камбінат, пацікавіўся, чаму сабекошт беларускага цукру вышэйшы за расійскі.

Як патлумачыў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам», гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў.

«У сабекошце прадукцыі 65,9% займае сыравіна — буракі. Па выніках мінулага года цана буракоў у Расіі склала ад $27 да $37 за тону — у залежнасці ад рэгіёну. У нас з улікам дастаўкі — $43. У Расіі самі гаспадаркі дастаўляюць буракі на заводы», — распавёў Аляксандр Забела.

Расійскія прадпрыемствы маюць яшчэ адну перавагу: цана газу для іх істотна ніжэйшая, чым для беларускіх прадпрыемстваў. «Мы плацім $275 за 1 тысячу кубаметраў, яны — $80», — адзначыў прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама».

Акрамя таго, адна з найбуйнейшых галін вытворчасці ў Расіі не плаціць ПДВ, што дазваляе скінуць дадатковыя 10%.

Ва ўмовах абвостранай канкурэнцыі ў суседняй краіне расійскі цукар пайшоў у Беларусь і прадаецца тут па сімвалічных цэнах. «У сувязі з перавытворчасцю яны не ведаюць, куды яго падзець, і аддаюць тону за рубель. У адваротным выпадку ім трэба будзе плаціць за ўтылізацыю», — рэзюмаваў Аляксандр Забела.

Для павелічэння продажу ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі ў Расіі беларускія прадпрыемствах дыверсіфікавалі рынкі. Так, у 2017 годзе яны пастаўлялі цукар у 16 краін. Доля расійскага рынка знізілася на 23% і складае цяпер 53,7%.

У мінулым годзе цукровыя арганізацыі Беларусі экспартавалі прадукцыі на $208 млн (тэмп да 2016 года — 105,7%). Удзельная вага паставак цукру за межы краін ЕАЭС складае 34,1%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0