Цэнтрвыбаркам апублікаваў (PDF-файл) вынікі выбараў у мясцовыя саветы.
Сярод вядомых асобаў, якія трапілі ў Мінгарсавет, былы фрыстайліст Аляксей Грышын, а таксама вядучы АНТ Яўген Лашкоўскі.
Аляксей Грышын.
Яўген Лашкоўскі.
Іншы вядомы спартсмен, хакейны брамнік Віталь Коваль, які балатаваўся ад ЛДПБ, прайграў на выбарах.
Затое ў Мінгарсавет апынуўся іншы прадстаўнік партыі Гайдукевічаў, топ-менеджар будаўнічай кампаніі Алег Часалаў.
Агулам у Мінгарсавеце будзе шэсць прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, пяць членаў Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, тры члены Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі, а таксама па адным члене Беларускай патрыятычнай партыі і Беларускай аграрнай партыі.
Усё гэта праўладныя палітычныя ўтварэнні, ніводнага апазіцыянера ў Мінгарсавет не пусцілі.
Самая маладая дэпутатка — 22-гадовая культарганізатар Студэнцкага гарадка Вольга Цесакова. У яе падтрымку выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, як, зрэшты, і ў падтрымку абсалютнай большасці «пераможцаў».
Нечаканасцю можна лічыць трапленне ў спіс пераможцаў немалой колькасці прадстаўнікоў бізнэс-сферы. Намеснік дырэктара «Фінпрафіт», дырэктар «Сірыён Софт», дырэктар «Віпойнт», дырэктар «Галерэя Канцэпт»…
Абранне некаторых з іх не выглядала відавочным. У выніку прагноз «Нашай Нівы» спраўдзіўся не цалкам, угаданымі былі больш за 80% абвешчаных пераможцаў.





