21 лютага ў многіх краінах адзначаецца Дзень роднай мовы. З нагоды гэтага міжнароднага свята праект «Кінаконг» 24 і 25 лютага ладзіць у мінскім кінатэатры «Масква» дадатковыя паказы сваіх найбольш наведвальных фільмаў. Гэта ўнікальная магчымасць паглядзець цудоўныя кінастужкі, калі вы не змаглі трапіць на іх у мінулым годзе.
24 лютага, 17:00 — «Шторм: палаючы ліст»
Гэтая захапляльная прыгодніцкая стужка падорыць вам самыя прыемныя эмоцыі. Яна акунае ў атмасферу 16-га стагоддзя і не проста распавядае пра падзеі таго часу, а дае пражыць іх разам з галоўнымі героямі. Шторм Вутэн, сын кнігадрукара, становіцца аб`ектам палявання з боку інкізіцыі. З дапамогай Марыйкі, загадкавай дзяўчыны, якая жыве ў падземных калектарах Антверпена, Шторм спрабуе выратавать свайго бацьку ад вернай смерці.
Фільм паглядзела каля 10000 чалавек у амаль як 30 гарадах Беларусі.
25 лютага, 17:00 — «Таямніца Келза»
Шыкоўны анімацыйны фільм, які распавядае казачную гісторыю, заснаваную на рэальных падзеях 9 стагоддзя ў Ірландыі. Стужка намінавана на прэмію «Оскар» як лепшы анімацыйны фільм.
Хлопчык Брэндан жыве ў абацтве Келз. Неўзабаве туды прыбывае славуты асветнік Эйдан з нейкай таямнічай кнігай… Разам з чароўнай дзяўчынкай Ашлінг з лесу і катом Эйдана Пангур Банам Брэндан спрабуе захаваць кнігу падчас нападу вікінгаў, перамагчы зло, што хаваецца ў пячоры ў лесе, і ператварыць цемру ў святло.





