Японская кампанія Sumitomo Forestry плануе да 2041 года пабудаваць самы высокі ў свеце драўляны хмарачос. Яна хоча такім чынам адзначыць 350-ю гадавіну свайго заснавання.
Паводле заявы кампаніі, якая з'яўляецца буйным сусветным пастаўшчыком высакаякаснай драўніны, у гэтым будынку з празаічнай назвай W350 будзе 70 паверхаў.
Толькі 10% яго масы прыйдзецца на сталёвыя канструкцыі, у будаўніцтве будзе выкарыстана 180 тысяч кубаметраў драўніны. Будуць адабраныя толькі японскія пароды дрэў.
Па ўсім перыметры будынка прадугледжаны балконы, на якіх будуць разведзены сады і гарадскія агароды.
У будынку будзе каля васьмі тысяч кватэр. Сталёвы каркас вышынёй 350 метраў будзе сейсмаўстойлівым дзякуючы дыяганальным расцяжкам.
У хмарачосе будуць размяшчацца таксама ўстановы, крамы і гасцініцы.
Кошт праекта складзе каля 5,9 мільярда даляраў, што прыкладна ўдвая вышэй за кошт будаўніцтва звычайнага хмарачоса тых жа памераў.
Аднак кампанія Sumitomo заявіла, што дзякуючы пастаяннаму ўдасканаленню тэхнікі і метадаў будаўніцтва выдаткі на гэты праект знізяцца.
Пакуль самым высокім драўляным будынкам у свеце з'яўляецца студэнцкі інтэрнат у Ванкуверы вышынёй 53 метры.





