Такую гісторыю выклаў сёння лідар «Маладога Фронту» ў сваім фэйсбуку.
Сёньня на непланаваным пікеце назьбіралі мы 550 подпісаў у падтрымку беларускай мовы. І хоць раней я разважаў, што моўнае пытаньне больш канфліктнае, напрыклад, за пытаньне сьцяга, але цяпер прызнаю сваю памылку — за мову падпісваюцца беларусы гэтак жа сама ахвотна, як і за бел-чыровна-белы сьцяг, а мо нават трошку і лепей. Аднак больш зьдзівіла мяне сёньня іншая акалічнасьць.
- Спадар Зьміцер, прывітаньне! — зьвярнуўся да мяне амапавец на чысьцюткай.
- Прывітаньне!
- Як вы думаеце, ці трэба дазвол тут стаяць з подпісамі?
- Думаю трэба.
- І вам дазволілі?
- Так.
- І хто?
- Мне дазволіў стаяць тут Ісус Хрыстос, — адказваю з усьмешкай, але сур’ёзна гледзячы ў вочы.
- Зноў вы за сваё, спадар Зьміцер! — сьмяецца амапавец.
- Канешне за сваё.
- Але я буду вымушаны паведаміць начальству.
- Калі ласка, вы ўжо трэці, хто будзе паведамляць.
- А што, да вас ужо падыходзілі?
- Канешне.
- І што казалі?
- А што яны мне скажуць, мяне ж паставіў тут стаяць Ісус Хрыстос.
Амапавец ужо не сьмяецца. Глядзіць на мяне вельмі сур’ёзна і кажа:
- За мову зьбіраеце?
- За мову.
- І навошта?
- Бачыце, якая сітуацыя, пяцьсот год таму, калі Скарына надрукаваў Біблію, гэта была чацьвёртая ў сьвеце кніга на мове свайго народа. А цяпер ЮНЭСКА ўнесла мову ў сьпіс вымірачых. Адно гэта — прысуд сучаснай беларускай уладзе.
- Ну давайце мо і я падпішу? — кіўнуў на аркуш амапавец.
- Ну канешне падпісвайце, — падсунуў я тэчку.
- І што мне за гэта будзе?
- А што можа быць у Беларусі за падтрымку беларускай мовы?
- Толькі нікому не кажыце, — папрасіў ён падпісваючы.
- Не скажу.
Адбылося неверагоднае — я першы раз у жыцьці загітаваў пад свае ідэі ворага пры нясеньні ворагам службы. У іншыя дні нашая камунікацыя адбываецца іншым чынам, але цяпер мы стаім прыязна размаўляем, амапавец падпісвае мой зварот, а навакольныя і тым больш маладафронтаўцы ня могуць зразумець, што гэта такое робіцца. І я падумаў, а ці праўдзіва гэта будзе, калі мы так і разьвітаемся.
- Паслухайце, спадар Мікола, — кажу я яму, — а калі вам загадаюць мяне павязаць, вы ж павяжаце?
- Ну навошта вы так, спадар Зьміцер, — зьніякавеў амапавец, — вы ж тут добра стаіце, я ня бачу нічога забароненага.
- А калі вам загадаюць сфальсіфікаваць на мяне пратакол аб мацяршчыне, а потым ілжэсьведчыць на судзе?
- Спадар Зьміцер, ну навошта вы?
- А вось навошта. Служба ў сілавых структурах у нашай дзяржаве — гэта злачынства перад Богам, бо рана ці позна, але кожнаму дадуць загад фальсіфікаваць ці лжэсьведчыць. Таму, пакуль ня позна, ратуйце душу — бяжыце.
- І куды бегчы, на вашу фабрыку мэблевую?
- А што, на «фабрыку», вазьму ўсіх. Бо вам жа дзяцей трэба карміць?
- Трэба.
- Вось так усе і кажуць. Таму прымаўка і сьведчыць: клопатам пра ўласную сям’ю апраўдваецца любое злачынства. Дык лепш ідзіце мэблю зьбіраць, чым душу ў амапе прадаяцё.
- Нешта людзі радзей падыходзяць? Мо бачаць супрацоўніка ды баяцца?
- Гэта так, бачыце да чаго вы дайшлі — людзі баяцца.
- Добра, тады пайду я.
- Ідзіце, а я застануся, бо мяне тут паставілі, — падміргнуў я яму.
Ён пайшоў, а я застаўся думаць: што гэта было? І як бы паводзіў сябе спадар Мікола ў іншых варунках? Што б зрабіў, каб начальнік ягоны загадаў мяне павязаць? Як бы паводзіў сябе, каб яму загадалі сфальсіфікаваць на мяне пратакол і потым ілжэсьведчыць у судзе? Я вырашыў: не панясу ягоны подпіс сталіністу Карпенку, каб камунякі не палічылі прарыў амапаўскага сумленьня як змову з ідэйным ворагам. Не панясу. Бо так хочацца верыць, што калі амапаўцу Міколу загадаюць сфальсіфікаваць на мяне чарговую справу, ён адмовіцца.
PS Як некаторыя чытаюць тэксты праз два радкі трэці, дык датлумачваю: подпіс не панясу з павагі да шчырага ўчынка амапаўца, каб не нашкодзіць яму самому і ў спадзяваньні, што амапаўскае сумленьне калі-небудзь пераможа амапаўскія загады. Таму імя амапаўца і абставіны, натуральна, зьмененыя.





