Часам падаецца, што глыбачане ходзяць на Масленіцу не дзеля бліноў і шашлыкоў пад гарэлачку, а, перадусім, паглядзець, як чарговы раз нейкая адважная глыбоцкая дзяўчына дастане з вышыні слупа торбу з падарункамі. Усё гэта заўсёды суправаджаецца гучнымі воклічамі і апладысментамі прысутных.
Сёння ж Кацярына Квяцінская прымала авацыі глыбачан! Яна распранулася да шортаў і майкі, і басанож — па ледзяным бервяне — дабралася да самага верху. Надвор’е хоць і сонечнае, але ўсё ж — не камфортнае: вятрыска сцюдзёны, ды — 16 градусаў ніжэй за нуль.
Кацярына Квяцінская працуе фізруком у дзіцячым садку №1 Глыбокага (мікрараён Беразвечча). Аднак адмыслова ўзлазіць на слуп не трэніравалася.
— Проста люблю рухацца! — кажа яна. — Першая спроба два гады таму была няўдалай, дайшла да самага верху і толькі памацала торбу, але зняць не здолела. Паставіла сабе за мэту — здзейсніць сваю мару. Сёння атрымалася!
На свята Кацярына прыйшла з двума дзеткамі і мужам.





