Рэдакцыя часопіса Arche прэзентуе шэраг новых гістарычных выданняў, якія нядаўна выйшлі з друку.
Богдан Мусял — Савецкія партызаны ў 1941—1944 гг. Міфы і рэчаіснасць
У гэтай працы на прыкладзе Беларусі шырока даследуецца гісторыя савецкага партызанскага руху ў час Другой сусветнай вайны. Робіцца гэта на аснове крыніц з беларускіх, расійскіх, нямецкіх, а таксама часткова польскіх і літоўскіх архіваў, якія да гэтага часу не былі ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак.
У кнізе храналагічна рэканструюецца развіццё савецкага партызанскага руху ў Беларусі ад яго пачатку летам 1941 г. да роспуску летам 1944 г., а таксама аналізуюцца яго сацыяльна-гістарычныя ды этнічныя аспекты. Акрамя пытанняў, на якіх традыцыйна акцэнтуюць увагу беларускія даследчыкі, аўтар кнігі не абыходзіць увагай і тыя праблемы, якія традыцыйна лічацца на постсавецкай прасторы «нязручнымі».
Выданне прызначана для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны.
Уладзімір Канановіч — Рыцар на полі бітвы: Клецк, жнівень 1506 года
У кнізе рэканструюецца ход і характар бітвы пад Клецкам 1506 г., якая была адной з найбольш важных і знакамітых у вайсковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея разглядаецца на фоне агульнага ваенна-палітычнага становішча ва Усходняй Еўропе на мяжы XV—XVI стст.
Даследаванне праведзена з выкарыстаннем метаду гістарычнай антрапалогіі: адзін з яго раздзелаў уяўляе сабой палітычную біяграфію галоўнага героя бітвы пад Клецкам Міхаіла Глінскага, не абмінутыя таксама ўвагай і іншыя найбольш яркія палітычныя постаці тагачаснай дзяржавы Ягелонаў.
Акрамя таго, аналізуецца гісторыя стварэння памяці пра Клецкую бітву 1506 г.: складванне вобразу бітвы, а таксама яе галоўнага героя, у свядомасці сучаснікаў і нашчадкаў, а таксама трансфармацыя гэтага вобразу на працягу стагоддзяў.
Таццяна Сцяшковіч — Слоўнік Гродзенскай вобласці
Слоўнік раскрывае лексічнае і фразеалагічнае багацце Гродзеншчыны. Першае выданне было надрукавана ў 1983 годзе накладам 600 асобнікаў.
Адна з каштоўнасцяў працы — у дакладным адлюстраванні фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных асаблівасцяў мясцовага маўлення. У папраўленым выданні галоўным заданнем было запісаць ілюстрацыйны матэрыял спрошчана, набліжана да арфаграфічнага пісьма.
Праца разлічаная не толькі на мовазнаўцаў. Разгарніце слоўнік — і з вамі загавораць жыхары Гродзеншчыны, паўстане беларуская вёска з тагачасным побытам ды рэаліямі. Ідэя зрабіць слоўнік зручнейшым у выкарыстанні і тым сама даць яму другое жыццё належыць беларускаму мовазнаўцу Змітру Саўку, які, на вялікі жаль, не паспеў падрыхтаваць да друку гэтае працы. У папраўленым варыянце да загалоўнага слова, запісанага ў літаратурнай форме, у дужках падаецца спрошчаная транскрыпцыя мясцовага вымаўлення. Удакладненыя тлумачэнні загалоўнага слова або яго літаратурныя адпаведнікі. Галоўныя змены зазнаў ілюстрацыйны матэрыял: цяпер ён запісаны спрошчанаю фанетычнаю транскрыпцыяй.
Arche № 5 (155) — 2017. Старонкі ваеннай гісторыі. Акупацыйная палітыка, савецкая партызанка і мясцовая калабарацыя
Тэматычны нумар Arche працягвае традыцыю ваенных выпускаў, прысьвечаных тым аспэктам гісторыі апошняй акупацыі Беларусі, якія былі невядомыя, забытыя або нават адмыслова выкрасьленыя з калектыўнай памяці.
Крысьціян Герлах на аснове рэальных фактаў піша пра нямецкія пляны калянізацыі Беларусі ў 1941—1944 г., Юры Грыбоўскі — пра нацыянальную актыўнасьць беларусаў на паўднёвым Падляшшы (раён Белай Падляскай) у 1940—1944 гг., якая выявілася ў вострай канкурэнцыі з украінскімі актывістамі за сьвядомасьць тамтэйшага карэннага насельніцтва.
Завяршаецца нумар публікацыяй Кацярыны Кедынг пра прадстаўленьне нямецкай акупацыі, савецкага партызанскага руху і калябарацыі ў музэях Віцебшчыны.
Азнаёміцца з падрабязным зместам выданняў і даведацца, як іх атрымаць, можна на сайце часопіса Arche.





