Праспект
Цемень гораду расчулена прытуліць
кронамі ліхтарных парыкоў —
Вешайся на выі сталых вуліц
і вяршуйся рымай цягнікоў!
Вокны-вочы, як за звар’яцелай,
Назірацьмуць стомленым святлом
Стражаў-лаваў скрып задзервянелы,
Павуцінна-правадны залом,
Пах асфальту і шыракаплечы
Безыменны, як шпіён, праспект,
Ад няспадзяванасці сустрэчы
Чырванее, як студэнт, ушчэнт.
Так, няхай ён нават нейкі змрочны
І яго нязграбна роўны стан
Антышчыры, вязніцка-прарочы.
Але ж мой… Каму яго аддам?
Людзі высыплюцца на яго, як бісер…
Сцеражыся, мой праспект! Змаўкай…
Зараз разравецца ненавісны
Хрып счарсцвелых механічных зграй.
Праглыне ізноў краіна гукаў,
Пераб’е дагістарычны шэпт…
Па-над дзённай стрыманасцю рухаў
Пачакай да ночы, мой праспект.
Шэрасць
Шэрані рэшты штрыхуюць хмары,
Рушыцца ціха руплівы народ.
Шырмы ўсмешак і шэрыя твары,
Шыфры спусцелых кішэняў штогод.
Шырыцца цемра за шэрагам шыбаў,
Шэптам вяшчае пяшчоту цыян.
Шэсце цнатліва-прыхованых шылаў
Цягнецца маршам цьмяных грамадзян.
Грэшным шэдэўрам зашэрхнуўшых душаў
Змрок растранжырвае біты крышталь.
Б'юць рыкашэты цэнзуры засушлівай
Хмурай пасрэднасцью сціснутых хваль.
Рыкам і хрыпам і шумамі шыбеніц
глушыць раскат ашалелых пагроз…
Шэрасць лягчэй зачарніць, а не выбеліць —
цемень пратоптвае хмары наскрозь.
Вудылі*
Звычайны дзень. Звычайны шэры дзень.
Кароткі дзень. Кароткі месяц люты.
Дарогі-цені і нябёсы — цень.
Цагляным ценем кожны кут закуты.
Над дахамі блукаюць вудылі.
Празрыстыя насрозь прывіды-здані,
Спяваюць бляскам сумны вадэвіль
Маім надзеям і маім жаданням.
Неймаверныя, як будучыя сны,
Кранаюцца раслінаў і будынкаў,
Раптоўна кроплямі залашчанай расы
Разгортваюць апошнія абдымкі.
Ніякіх абяцанняў ці падзей —
Былі і зніклі. Дзень застаўся шэрым
І я ад вудылёў, як ад надзей,
хаваю твар пад парасонам веры.
*мыльныя бурбалкі





