Пасьля трагедыі ў Кемераве Міністэрства надзвычайных сытуацый актыўна правярае, як працуюць сыстэмы эвакуацыі ў забаўляльных цэнтрах, гіпэрмаркетах, кінатэатрах і ў іншых месцах, куды прыходзяць шмат людзей, піша Радыё Свабода.

Па выніках першага этапу праверак ведамства склала інтэрактыўную мапу. На ёй нанесеныя першыя 334 правераныя аб’екты, на якіх выяўленыя парушэньні. Пры націсканьні на маркер, якім пазначаны аб’ект можна пабачыць пералік выяўленых там парушэньняў.

Як адзначаюць у МНС, падчас праверак не было выяўлена ніводнага парушэньня, якое патрабуе неадкладнага закрыцьця аб’екта. Аднак знойдзена мноства грубых парушэньняў (зьмяненьне праектных рашэньняў, закрыцьцё шляхоў эвакуацыі і інш.). Па выяўленых парушэньнях распачатыя адміністрацыйныя працэсы, больш за 300 кіраўнікоў ужо прыцягнутыя да адказнасьці.

Паводле МНС, «большасьць выяўленых парушэньняў носяць рэжымны характар», не патрабуюць грашовых выдаткаў, а таму кіраўнікі гандлёвых цэнтраў, крамаў у асноўным прыводзілі свае памяшканьні ў бясьпечны стан адразу ў прысутнасьці інспэктара.

У МНС таксама прапануюць беларусам паведамляць пра факты падобных парушэньняў.

У пажары ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расейскім горадзе Кемерава 25 сакавіка загінулі 64 чалавекі, у тым ліку больш за 40 дзяцей. 26 сакавіка Александр Лукашэнка даў загад МНС да канца месяца арганізаваць у Беларусі праверкі аб’ектаў з масавым знаходжаньнем людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0