Іван Эйсмант патлумачыў, чаму Белтэлерадыёкампанія не надала ўвагі святкаванню Дня Волі ў Мінску.
Іван Эйсмант
Кіраўнік тэлекампаніі адрэагаваў на матэрыял «Нашай Нівы», які называўся «Што напісалі пра Дзень Волі БелТА, «Советская Белоруссія», БТ і АНТ?» і ўтрымліваў адно слова: «Нічога». Матэрыял быў апублікаваны 25 сакавіка ў 21:37.
«Я з павагай стаўлюся да любога пункту гледжання, але вось гэтае «Што напісала БТ? Нічога»…
Па-першае, кіраўнік любога сродку масавай інфармацыі сам мае права вырашаць, што яму паказваць, а што не паказваць. Хоць мы і паказалі.
[Згадка пра святкаванне 25 Сакавіка з’явілася ў праграме «Галоўны эфір» на «Беларусь 1» пазней за публікацыю «НН», у 22:03 і працягвалася 30 секунд. На сайце Белтэлерадыёкампаніі Дзень Волі так і не быў узгаданы]
Па-другое, што датычыць гэтага выпадку. Я не хачу паказваць гулянні людзей, якія ёрнічаюць з афіцыйнага Дня незалежнасці 3 Ліпеня, што звязаны з вызваленнем ад фашызму.
А ў ліпені ідзе сапраўднае ёрніцтва. Мне гэта не падабаецца. Тая перамога была не зборам рамантыкаў [як абвяшчэнне БНР], а былі шматмільённыя ахвяры. Для мяне як чалавека гэта дарагое. Можа, камусьці на гэта пляваць, а я гэта цаню. Вось такая мая рэакцыя».
Тэму падхапіў кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзьку, які згадаў тэму 75-годдзя Хатыні. «У адыёзных сродках масавай камунікацыі штосьці не моцна пра гэту дату казалі. Можа, яны ўвогуле не ведалі, на якім баку былі: у вёсцы ці … [на баку карнікаў]?»
«Вось я менавіта пра гэта», — пагадзіўся Іван Эйсмант.
Memento. 10 фактаў пра Хатынь, якія мусіць ведаць кожны
Пяць фактаў пра новага старшыню Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта





