Ірына Радніна — знакамітая савецкая фігурыстка, адзіная ў гісторыі трохразовая алімпійская чэмпіёнка па фігурным коўзанні. У 1990—2002 гадах жыла ў ЗША, працавала трэнеркай, пасля чаго вярнулася ў Расію. З 2007 года дэпутатка Дзяржаўнай думы ад «Адзінай Расіі», галасуе за ўсе «пуцінскія» законы.
Былая спартсменка дала вялікае інтэрв'ю парталу Sports.ru. Прыводзім цікавыя вытрымкі.
* * *
— Вы рэтвітнулі такі запіс: «Бісмарк сказаў: «Войны выйграюцца і прайграюцца за школьнымі партамі». А кітайцы дадаюць: «Калі вы хочаце перамагчы ворага, выхоўвайце яго дзяцей». Якая краіна выхавала вашу дачку?
— Амерыка. Але ўсе неяк забываюць, што ў дзіцяці двое бацькоў.
— Намякаеце, што гэта не ваша віна?
— Часткова мая, часткова не мая. Гэта было і жаданне яе бацькі, якое ўлічваецца пры выхаванні дзіцяці.
— Існавала магчымасць забраць Алену у Расію?
— Па рашэнні суда да 18 гадоў яна не магла ўязджаць у нашу краіну. Гэта патрабаванне бацькі.
— А пасля 18?
— Тады яна ўжо скончыла школу, вучылася ў універсітэце.
— У Расію не хацела?
— У яе ангельская мова. Сказала: «Спачатку хачу атрымаць адукацыю на той мове, на якой свабодна размаўляю». Пасля заканчэння вучобы працавала ў Russia Today. Адзіная з нашых — у Алены ёсць і грамадзянства Расіі — трапіла ў спіс Forbes, як малады журналіст, што асвятляе палітыку.
— Патрыёт якой краіны ваша дачка?
— Не ведаю. Такое пытанне ёй не задавала. Стараемся не абмяркоўваць палітыку, таму што ўвесь час пачынаецца канфлікт. Каб іх не ўзнікала, ёсць тэмы, якія абыходзім. У яе свае погляды. Я іх паважаю. У мяне свае — яна таксама іх паважае.
— Яна кажа: «Мама, ты галасуеш за дрэнныя законы»?
— Бывае. Або просіць тлумачэнне, чаму мы за гэта прагаласавалі або адхілілі.
— Ці не казала, што ёй за вас сорамна?
— Не. Але я магу сказаць, што мяне ўсе гады гэтым дакараюць. Што ў мяне ёсць дачка, якая жыве там з чатырох гадоў, калі ніякай Дзяржаўнай Думы не існавала. І ёй без канца нагадваюць, хто яе маці і чым яна займаецца.
— Ці не здаецца дзіўным, што вы рэтвітнулі запіс пра войны, якія выйграюцца і прайграюцца за школьнымі партамі, пры гэтым Алена атрымала адукацыю ў Амерыцы, і яна амерыканка?
— І што? Хочаце сказаць, што яна вораг краіне ці мне?
— З гэтага запісу вынікае выснова, што ў тым ліку праз вас мы прайграем вайну.
— Дурасць якая. Што ж вы так прымітыўна разважаеце. Мяне гэта замілоўвае. Тады лепш не чытайце Бісмарка.
Выснова ў тым, што трэба выхоўваць пакаленне. Гэта не значыць, што яно павінна быць толькі патрыятычным. Выгадаванае пакаленне — гэта калі кожнае новае пакаленне вядзе нас наперад. Гэта прагрэс, навука, эканоміка. Нам, пажылым, больш за ўсё цікава, калі моладзь адукаваная і склалася як асобы. Я не гляджу на гэта як на вайну. А вы глядзіце як на прымяненне сілы адзін супраць аднаго.
— Алена добра гаворыць па-расейску?
— Добра. І яшчэ на пяці мовах.
— Вы распавядалі, што з братам з Масквы яна камунікуе на англійскай. Чаму?
— Лягчэй. Моладзь. Яны так хутчэй знаходзяць супольную мову. Памятаю момант, як аб'ядналіся супраць мяне ў надзеі, што я не разумею, пра што гавораць, і пераходзілі на ангельскую. Недзе гэта ўжо і звычка.
— Унутры вас няма крыўды, што дачка ў Амерыцы? Што ў фэйсбуку яна піша, як прачытала ўсяго Гары Потэра, а не кнігі Носава, пра якія вы робіце рэтвіты?
— Не, гэта не абражае. Кожнае пакаленне жыве сваім жыццём. Чаму я павінна навязваць сваё? Мая задача была падняць дзяцей, вырасціць, даць адукацыю. Далей кожны стаіць на сваіх пазіцыях. Напэўна, тады і з'яўляюцца цікавыя людзі. А не калі яны залежаць ад дарослых і глядзяць на жыццё вачыма дарослых. У гэтым, дарэчы, праблема нашай адукацыі. Пётр І ўвёў муштру і зубрэнне. А хацелася б больш свабоды. Каб настаўнік, калі ты адказваеш не так, як ён выкладаў, не паніжаў ацэнку.
— Давайце яшчэ раз і шчыра. Няма нічога дрэннага ў тым, што дачка члена расійскага парламента жыве ў краіне-суперніку?
— А што тут такога? Яна там жыве з 1990 года. Не я развальвала Савецкі Саюз. Я ж не вінаватая, што тую краіну, за якую ваявалі мае бацькі, за якую я выступала, узялі і прафукалі.
— А калі б не прафукалі?
— Вярнулася бы ў Расію раней. Кантракт быў на два гады, але зацягнуўся на 10 гадоў.
* * *
Дачка Радніной Алена.
— Ці чытаеце артыкулы Алены?
— Часткова. Мая англійская не настолькі добрая.
— Яна пісала, што ў Расіі ёсць «атмасфера страху з-за прынятых законаў, захлопванне свабоды слова і пратэсту, фігуры апазіцыі, якія былі атручаны або якіх спрабавалі забіць, і журналісты, якія былі забітыя». Не адчуваеце віну за гэта?
— У чым віну?
— Што ў Расіі ёсць атмасфера страху, прымаюцца такія законы.
— Я выдатна разумею, у якіх СМІ працуе дачка. Ёй давялося сысці з адной кампаніі, калі сказалі: «Гавары пра Крым так». Яна адказала: «Буду казаць тое, што кажу» — «Не, нам такога не трэба».
— У адным артыкуле яна ўжыла дзеяслоў «анэксаваць» у плане Крыма. Атрымліваецца, гэта яе шчырая пазіцыя?
— Не ведаю. Я яшчэ раз кажу — мы пра палітыку не размаўляем. І давайце скончым гэтую тэму. Растлумачу чаму: чым больш хтосьці атрымлівае інфармацыю пра маіх дзяцей і пра мяне, тым больш у яго ёсць зброі для барацьбы. Я паўтару: у нас няма супрацьстаяння. Мы паважаем погляды адзін аднаго. Калі я прымаю такія законы, у мяне ёсць меркаванне пра гэта. Калі яна піша — у яе таксама ёсць меркаванне.
* * *
— У вашым твітары з'явілася фота Абамы з жонкай, якія прагна глядзяць на банан. Вы казалі, што гэта зрабілі хакеры.
— Так, выставілі ў мой дзень нараджэння. Да гэтага фота захоўвалася ў мяне ў тэлефоне.
— Навошта?
— Мне пераслалі, ха-ха-ха.
— Вам яно спадабалася?
— Смешна.
— Што менавіта?
— Рэакцыя. Як зрабілі — гэта ж не фатаграфія, а мантаж.
— Вы палічылі Абаму з жонкай за малпаў?
— Я з таго пакалення, калі банан быў рэдкім фруктам, які мы елі раз у годзе. Яшчэ пражыла 10 гадоў у Амерыцы. І не памятаю там такой рэакцыі на банан. Усе нармальна іх купляюць і ядуць. Ніякага расізму на фота не ўбачыла.





