Мастацкая рада Менгарвыканкаму зацьвердзіла выгляд дошкі для дома на вуліцы Валадарскага, 9, у якім 100 гадоў таму была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, піша «Радыё Свабода».

Пра гэтае рашэньне паведаміў Свабодзе старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца. Паводле ягоных словаў, дазволу на ўсталяваньне дошкі пакуль няма.

«Мастацкі савет зацьвердзіў дошку амаль без заўваг. Але ў мяне пакуль няма дакумэнту, дзе было б напісана, што прынятае рашэньне яе ўсталяваць. Але тое, што горад пайшоў на тое, каб яе прыняць, — гэта ўжо пацяпленьне. Заўтра ці пасьля сьвятаў я буду зьвязвацца з кіраўніцтвам гораду і пытацца пра далейшыя дзеяньні», — сказаў Рыгор Сітніца.

Фрагмэнт памятнага знаку для будынка, у якім абвясьцілі незалежнасьць БНР

Фрагмэнт памятнага знаку для будынка, у якім абвясьцілі незалежнасьць БНР, фота «Радыё Свабода».

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны. Усталяваць дошку меркавалі да 25 сакавіка на доме на вуліцы Валадарскага, 9 у Менску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Ўстаўная грамата, якая абвяшчала БНР незалежнай дзяржавай. Паседжаньне Менгарвыканкаму, на якім шыльду мелі зацьвердзіць, адкладалася амаль два тыдні.

26 лютага кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і справах моладзі Менгарвыканкаму Павел Скалабан прапанаваў 26 лютага Рыгору Кастусёву абмеркаваць усталяваньне памятнай шыльды пад адрасе Валадарскага, 9. Плянавалася, што адкрыцьцё дошкі ў гонар абвяшчэньня незалежнасьці БНР стане кампрамісам паміж Менгарвыканкам і аргкамітэтам сьвяткаваньня 100 год БНР: улады ўсталююць шыльду, калі аргкамітэт пагодзіцца на правядзеньне толькі канцэрту 25 сакавіка ля Опэрнага тэатру, піша «Свабода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?