Змены ў закон аб СМІ — гэта аб'ектыўная і неабходная мера. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Генадзь Казакевіч, паведамляе БелТА.

«Неабходнасць іх прыняцця, безумоўна, наспела. Інтэрнэт — гэта не толькі карысць з пункту гледжання інфармацыі і камунікацыі, але яшчэ і пэўная шкода, а часам прамая, відавочная пагроза дзяржаве, грамадству, сем'ям і асобна ўзятым людзям», — сказаў Генадзь Казакевіч.

Нарказлачыннасць перайшла з вуліц у інтэрнэт і набыла рысы кіберзлачыннасці. «Дастаткова сказаць, што больш за 90% наркотыкаў і псіхатропаў ў краіне распаўсюджваецца праз інтэрнэт. І гэта не толькі рэклама і сама купля-продаж, але яшчэ выкарыстанне электронных грошай, што вельмі абцяжарвае выяўленне і спыненне злачынстваў у сетцы. Гэта яшчэ і так званы рэкрутынг, то бок вярбоўка патэнцыйных наркадылераў любога ўзроўню», — распавёў прадстаўнік МУС.

Не варта забываць, якую пагрозу ўяўляе бескантрольнае выкарыстанне інтэрнэту для дзяцей, звярнуў увагу Генадзь Казакевіч. «У Беларусі з'явіліся такія негатыўныя сацыяльныя з'явы, як сэкс-чатынг, сэкстынг, грумінг, якія актыўна выкарыстоўваюць педафілы. У інтэрнэце нават распаўсюджваюцца інструкцыі, якім чынам схіліць дзіця да здзяйснення якіх-небудзь дзеянняў сэксуальнага характару», — адзначыў праваахоўнік. Колькасць такіх злачынстваў у Беларусі ў апошнія гады вырасла ў разы. «Усё гэта пераконвае дзяржорганы, грамадзянскую супольнасць у неабходнасці эфектыўна процідзейнічаць такім з'явам. Казаць аб татальным кантролі інтэрнэту не даводзіцца — гэта немагчыма. Але мы павінны выпрацаваць эфектыўны комплекс мер, які дазволіць адначасова і выяўляць, і спыняць такую негатыўную інфармацыю», — падкрэсліў Генадзь Казакевіч.

Чытайце таксама: Чыноўнікі плануюць забараніць ананімныя каментары ў інтэрнэце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0