Інцыдэнт адбыўся раніцай 9 мая. Шасцікласніца з мясцовай школы №9 стаяла ў калоне з іншымі школьнікамі, каб выйсці на святочнае шэсце. Да дзяўчынкі падышла жанчына, зняла георгіеўскую стужку з кветкай, якая была на грудзях у школьніцы, і адправілася далей інспектаваць калону, піша kurjer.info.
Тая самая стужка. Фота бацька школьніцы перадаў журналістам kurjer.info
Бацькі дзяўчыны спыталіся, што адбываецца. Жанчына патлумачыла, што яна ідэолаг, а ў Беларусі свая ідэалогія.
Размову з жанчынай бацька запісаў на відэа, якое паабяцаў адправіць «на сайт прэзідэнта».
У піянера, у якога беларускі піянерскі гальштук, павінна быць беларуская сімволіка Перамогі, сказала ідэолаг бацьку школьніцы.
Той абурыўся: «Сімволіка Перамогі супольная для ўсіх! Няма беларускай сімволікі Перамогі».
«Я не буду з вамі лаяцца. Адкрывайце дакументы і чытайце», — адказала жанчына.
Пазней стала вядома, што жанчына — метадыстка мясцовага аддзела адукацыі.
«Пакарання для метадысткі не будзе. У дзяцей на мерапрыемстве мусіла быць пэўная форма. Метадыстка ўсё правільна зрабіла», — паведаміла «Нашай Ніве» Алена Бандарэнка, намесніца начальніка аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама.
Праўда, пагаварыць з самой метадысткай не атрымалася — па словах начальніцы, жанчына ў камандзіроўцы.





