9 мая ў Слуцку ў шасцікласніцы перад святочным шэсцем знялі георгіеўскую стужку. Зрабіла гэта метадыстка мясцовага аддзела адукацыі. Яна патлумачыла бацькам: у Беларусі свая ідэалогія і стужкі тут іншыя.
Абураны бацька Генадзь Дубоўскі выклаў відэа размовы з жанчынай. Ён і па сёння крыўдуе на метадыстку.
Генадзь Дубоўскі
«Гэта крымінальнае злачынства! — упэўнены Дубоўскі. — Гэта каб я зняў з кагосьці ўпрыгажэнне пасярод дня!
А яна проста зняла і пайшла сабе! Не аддала б нават, каб мы з жонкай не пайшлі за ёй. Дачка спужалася.
Я хачу, каб тая ідэолаг зразумела, што не мае рацыю. Яна здзейсніла злачынства!
Жанчына кажа, што тое не беларускія атрыбуты Перамогі. А якая розніца? Не разумею.
У нас была такая стужка, такую і павесілі. У школе ж не казалі, што забаронена. Мы прыйшлі, настаўнікі нічога не сказалі.
Мне самому больш падабаецца георгіеўская стужка. Яна гвардзейская, я сам служыў на гвардзейскім караблі, ведаю, што гэта такое. Напрыклад, калі я ў іншай краіне выйду з той зялёнай стужкай, то ніхто не зразумее, што яна сімвалізуе. А з гэтай, георгіеўскай, зразумела, што чалавек выйшаў святкаваць Перамогу. У любой краіне зразумела!»





