Егіпецкі суд прызнаў невінаватым чатырохгадовага вучня пачатковай школы, абвінавачанага ў сэксуальных дамаганнях. Хлопчык пацалаваў сваю аднакласніцу, якой таксама чатыры гады, а абураны бацька дзяўчынкі звярнуўся ў суд.
Інцыдэнт адбыўся ў правінцыі Бухейра на поўначы краіны.
Адвакат абвінавачанага Махамед Хамад распавёў, што бацька аднакласніцы не абмежаваўся размовай з бацькамі хлопчыка, а падаў на яго афіцыйную скаргу, пасля чаго пракуратура перадала гэтую справу ў спецыяльны суд па дробных злачынствах.
Суд адмовіўся разглядаць справу, спаслаўшыся на тое, што абвінавачанне не ўваходзіць у яго юрысдыкцыю.
Аднак, распавядае адвакат, на гэтым інцыдэнт не быў вычарпаны: справа была перададзена ў суд вышэйшай інстанцыі ў горадзе Хоуш-Іса. Ужо там хлопчыка прызналі невінаватым, указаўшы на неабгрунтаванасць абвінавачванняў.
Справа цягнулася са снежня мінулага года, калі ў мясцовы паліцэйскі ўчастак з'явіўся мужчына і заявіў, што яго дачкі дамагаецца чатырохгадовы хлопчык.
Пры гэтым мясцовая прэса адзначае, што ў заяўніка ёсць сур'ёзныя рознагалоссі па цэлым шэрагу пытанняў з бабуляй абвінавачанага вучня, якая працуе ў школьнай радзе.





